25 лiпеня 2024, Чацвер, 7:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памерла Вера Салановіч - дзяўчынка са знакамітага фотаздымка з канцлагера «Азарычы», які абляцеў свет

12
Памерла Вера Салановіч - дзяўчынка са знакамітага фотаздымка з канцлагера «Азарычы», які абляцеў свет
ВЕРА САЛАНОВІЧ

Ёй было 85 гадоў.

Вера Салановіч пайшла з жыцця 28 траўня. Ёй было 85 год.

Па пашпарце Вера Салановіч нарадзілася 24 студзеня 1939 года. Але гэта не дакладна. Як распавядала Вера, падчас вайны дом згарэў разам з усімі дакументамі, а пасля вызвалення ў новых дакументах узрост дзяцей вызначаўся па вонкавым выглядзе, паведамляе «Наша Нiва».

На пытанне, калі яна нарадзілася, маці адказвала: «Калі бацька прыйшоў з фінскай вайны. Я вас усіх нараджала, калі жыта жала ці бульбу капала. Нараджаю, пакладу ў люльку, а сама іду ў поле. З калыскі вы не вываліцеся, а калі крыху і пакрычыце, то нічога».

Ад пачатку вайны маленькая Вера разам з сям'ёй хавалася ад нацыстаў у балотах на Гомельшчыне. У пачатку сакавіка 1944 года іх знайшлі і пагналі ў канцлагер «Азарычы».

«Мы ўсе былі асуджаныя: людзі ляжалі на мерзлай зямлі, хварэлі на сыпны тыф, хворыя заражалі здаровых. Нам проста пашанцавала, што нас вызвалілі 19 сакавіка 1944 года, яшчэ б два тыдні, і нікога ў жывых у лагеры не засталося б», - распавядала Вера.

У Азарычах Вера ўпершыню ў сваім жыцці сфатаграфавалася. Гэта адбылося падчас вызвалення. Як Вера расказвала, яна згубілася, і шукаць яе адправілася цётка Хадося. Фотакарэспандэнта цётка прыняла за пераапранутага немца, а фотаапарат - за невядомы тып зброі. Яна сказала фотакарэспандэнту, што калі ён надумаў забіць, то няхай хутчэй, не мучыць.

На здымку на заднім плане бачны сілуэт чалавека - гэта цётка Хадося.

Пазней фотакарэспандэнт, які зрабіў гэты здымак у Азарычах, прыязджаў у вёску, хацеў убачыць Веру.

Але цётка і маці не пусцілі яе. «Мне так хацелася сустрэцца з ім. Але страх быў вельмі моцны», - казала Вера. Страх - распавядаць аб канцлагеры, бо за тры дні, якія яе бацька правёў у нямецкім палоне, ён атрымаў 15 гадоў лагераў і быў адпраўлены на Волга-Дон. Не дапамаглі франтавыя ордэны і медалі. Дадому ён вярнуўся толькі пасля смерці Сталіна, пазней быў рэабілітаваны.

«Маці забараняла мне расказваць, што я была ў канцлагеры. Гэта быў час, пра які ў нас, беларусаў, прынята казаць «галеча». Не было нічога, жыццё пачыналі з ніткі і іголкі», - распавядала журналістам у 2023 годзе Вера.

Пазней Вера выйшла замуж і пераехала ў Бабруйск, дзе і жыла ўсе гэтыя гады.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках