Супраць камандзіраў 125-й брыгады УСУ распачалі справу праз прарыў расейцаў у Харкаўскай вобласці
12- 25.05.2024, 14:47
- 12,058
Іх падазраюць у здачы пазіцый.
Дзяржаўнае бюро расследаванняў Украіны пачало крымінальную справу супраць камандзіраў 125-й асобнай брыгады тэраабароны. Расследаванне датычыцца здачы пазіцый пры наступе расейцаў на поўначы Харкаўскай вобласці.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Адзіны рэестр судовых пастановаў.
Паводле звестак следства, 10 траўня, калі расейскія войскі пачалі наступ, паблізу Стралечча, Краснага, Барысаўкі, Пыльнага, Гатышча і іншых населеных пунктаў Харкаўскай вобласці падраздзяленні 125-й брыгады пакінулі баявыя пазіцыі.
У вызначэнні суда гаворыцца, што не была арганізаваная належным чынам абарона пазіцый на мяжы з Расеяй камандаваннем 125 брыгады і падпарадкаваных ёй падраздзяленняў (415 асобнага стралковага батальёна, 23 механізаванай брыгады і 172 асобнага стралковага батальёна).
У расследаванні зрыву абароны фігуруюць 56 вайскоўцаў, сярод іншых, камандзіры ўзводаў, радыётэлефаністы, санінструктары, гранатамётчыкі, стралкі, снайперы, наводнікі і г.д.
Следства прызначыла экспертызу ў межах расследавання. Управа ГБР у Палтаве адбірае шэраг таемных ваенных дакументаў, уключаючы баявыя распараджэнні, аператыўныя дырэктывы, план фартыфікацый.
Наступ расейцаў у Харкаўскай вобласці
У ноч з 9 на 10 траўня расейскія войскі пачалі наступ на поўначы Харкаўскай вобласці. Акупанты занялі некалькі населеных пунктаў і дайшлі да Ваўчанска. Паводле словаў галоўнага камандзіра УСУ Аляксандра Сырскага, там ідуць вулічныя баі, у якіх расейцы загразлі.
Генштаб УСУ 24 траўня паведаміў, што расейцаў на ўказаным кірунку спынілі.