У Менску ўстанавілі новы рэкорд на рынку жылой нерухомасці
3- 24.05.2024, 15:11
- 9,378

Дэталі.
Нацыянальнае кадастравае агенцтва паведамляе аб новым рэкордзе, устаноўленым на рынку продажу кватэр у Менску. Высвятляецца, за студзень-сакавік у беларускай сталіцы праведзена больш як 4 тысячы ўгод з кватэрамі (калі дакладна - 4008). Гэта на 20 адсоткаў больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года.
«Гэта найбольшая колькасць для I квартала года за ўсю гісторыю назіранняў», – гаворыцца ў справаздачы.
Аптымістычнай на рынку жылля сітуацыя была ўжо ў студзені, калі быў амаль устаноўлены рэкорд у колькасці продажаў для гэтага месяца - 1, 08 тысяч угод.
Са звестак НКА, апошні раз адзнаку на 1 тысячу ўгод удалося перасягнуць толькі ў студзені 2022 года. А вось у сакавіку быў устаноўлены несумненны рэкорд у колькасці ўгод для гэтага месяца - амаль 1,5 тысячы.
Усяго ў I квартале 2024 года пакупнікі набылі 287 тысяч кв. м (+30%) кватэр у Менску на агульную суму $206 млн. У грошах гэта на 20% больш, чым за аналагічны перыяд 2023 года.
Абсалютная большасць прададзеных кватэр у новабудоўлях - аднапакаёвыя. Іх дзель павялічылася на 12 п. п. у параўнанні з IV кварталам 2023 года. Пры гэтым трэць кватэр маюць плошчу больш за 44 кв. м, гэта значыць патэнцыйна могуць выкарыстоўвацца як двухпакаёвыя кватэры.
Найбольшым попытам у пакупнікоў карысталася жыллё ў Кастрычніцкім і Фрунзенскім раёнах, радзей куплялі кватэры ў Ленінскім і Партызанскім раёнах Менска.
Даражэй за ўсё каштавалі кватэры ў Цэнтральным раёне Менска, дзе сярэдні кошт «квадрата» склаўся на ўзроўні $1620 у эквіваленце.