Прыватны самалёт, які ляцеў з Магілёва, патрапіў у аварыю ў Расеі
- 24.05.2024, 9:43
- 5,132
На борце знаходзіліся чатыры чалавекі.
У чацвер, 23 траўня, у аэрапорце расейскага горада Калуга прыватны самалёт, які выконваў пералёт з Магілёва, выкаціўся за межы ўзлётна-пасадачнай паласы. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар Федэральнага агенцтва паветранага транспарту (Расавіяцыя) Арцём Караняка.
Паводле інфармацыі афіцыйнага прадстаўніка Расавіяцыі, на борце поршневага самалёта-амфібіі Л-145 у момант аварыі знаходзіліся чатыры чалавекі. Ніхто з іх у выніку не пацярпеў.
Што да самага паветранага судна, то ў яго, паводле папярэдніх ацэнак спецыялістаў, у выніку здарэння пашкодзіла левую апору шасі і левую частку крыла.
«Падзея класіфікавана як аварыя. Яе расследаваннем зоймецца камісія з удзелам спецыялістаў Цэнтральнага міжрэгіянальнага тэрытарыяльнага ўпраўлення (МТУ) Расавіяцыі», - распавёў Караняка.
Праз надзвычайнае здарэнне на ўзлётна-пасадачнай паласе калужскі аэрапорт Грабцава давялося часова закрыць — ён не прымаў паветраныя судны на працягу дзвюх гадзін, адзін самалёт вымушаны быў пайсці на запасны аэрадром. Адкрыць аэрапорт для абслугоўвання рэйсаў змаглі толькі пасля эвакуацыі пацярпелага самалёта.