«Баер» закончыў сезон у чэмпіянаце Нямеччыны без паразаў
- 18.05.2024, 21:08
- 3,786

Такога ў гісторыі бундэслігі не здаралася ніколі.
Футбалісты «Баера» дома абгулялі «Аўгсбург» з лікам 2:1 у заключным, 34-м туры чэмпіянату Нямеччыны.
У складзе пераможцаў галы забілі Віктар Баніфасэ (12-я хвіліна) і Роберт Андрых (27-я). У спаборнікаў вызначыўся Мерт Кемюр (62-я).
«Баер» закончыў сезон у чэмпіянаце Нямеччыны без паразаў. Такое здарылася ўпершыню ў гісторыі бундэслігі (з 1963 года). Каманда набрала 90 балаў – 28 перамог і шэсць нічыіх. Таксама «Баер» да 51 матч падоўжыў сваю рэкордную для еўрапейскага футболу серыю без паразаў.
У гэтым сезоне выхаванцы Хабі Алонса не саступілі ні ў водным матчы. У каманды застаюцца шанцы яшчэ на два тытулы. 22 траўня адбудзецца фінальны матч Лігі Еўропы супраць «Аталанты», 25 траўня – фінал Кубка Нямеччыны супраць «Кайзерслаўтэрна».
Другое месца ў чэмпіянаце Нямеччыны заняў «Штутгарт», трэцяе – «Баварыя» (найгоршы вынік з сезону 2010/11), чацвёртае – «Лейпцыг», пятае – дортмундская «Барусія». Пяць першых камандаў згуляюць у Лізе чэмпіёнаў у наступным сезоне.
«Айнтрахт» стаў шостым (трапіў у Лігу Еўропы), «Хофенхайм» – сёмым (мінімум Ліга канферэнцый), «Хайдэнхайм» – восьмым. Калі «Баер» пераможа Кубак Нямеччыны, то «Хофенхайму» дастанецца квіток у Лігу Еўропы, «Хайдэнхайму» – у Лігу канферэнцый.
Бундэслігу пакінулі «Кёльн» і «Дармштат». Іх заменяць «Санкт-Паўлі» і «Хальштайн». «Бохум» і «Фартуна» разгуляюць яшчэ адно месца ў элітным дывізіёне.