13 лiпеня 2024, Субота, 23:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Не патрабуйце ад іх немагчымага»

3
«Не патрабуйце ад іх немагчымага»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Мянчанка паскардзілася, што не змагла расплаціцца картай у цырульніка, – высветлілася, усё паводле закону.

Мянчанка паскардзілася ў падатковую, што пастрыглася ў самазанятага цырульніка ў каворкінгу і не змагла разлічыцца за паслугу карткай: у майстра не было плацежнага тэрмінала. Ва Управе аператыўных мерапрыемстваў сталічнай інспекцыі падаткаў і збораў патлумачылі, што паводле закону самазанятыя і не абавязаныя мець такія тэрміналы і выдаваць чэкі, піша «Люстэрка».

Са словаў дзяўчыны, яна адсядзела жывую чаргу, пастрыглася ў самазанятага майстра і паспрабавала расплаціцца банкаўскай карткай. Але адміністратарка каворкінгу ў сферы б'юці-паслуг, дзе працаваў цырульнік, патлумачыла, што плацежных тэрміналаў у самазанятых асобаў няма. Мянчанцы прапанавалі перавесці аплату з карты на карту ці на тэлефон, але яна ад гэтых варыянтаў адмовілася. Больш за тое, яна была не супраць разлічыцца гатоўкай, але толькі пры ўмове выдачы ёй чэка. Гэтую ўмову таксама не атрымалася выканаць, паколькі самазанятыя не выкарыстоўваюць касавае абсталяванне.

Як патлумачылі ў падатковай, з самазанятымі асобамі сапраўды нельга разлічыцца банкаўскай карткай, і чэкі яны не выдаюць – але ніякага парушэння з гледзішча заканадаўства тут няма.

Рэч у тым, што ч. 2 п. 1 Палажэння аб выкарыстанні касавага і іншага абсталявання пры прыёме сродкаў плацяжу, зацверджанага Пастановай Саўміна і Нацбанка № 924/16, абвяшчае: «Дзеянне гэтага Палажэння распаўсюджваецца на юрыдычных асобаў… і індывідуальных прадпрымальнікаў».

«Такім чынам, у самазанятых асобаў няма не толькі тэрміналаў, але і касавага абсталявання на цалкам сабе законных падставах», – расказалі падаткавікі.

Тэарэтычна самазанятыя таксама могуць заключыць дамову з банкам, прывязаць тэрмінал да свайго карт-рахунку і працаваць паводле безнаяўным разліку, аднак такога запыту з іх боку пакуль няма. Зрэшты, у падатковай вераць, што «рана ці позна мы да гэтага прыйдзем – проста, як заўсёды, ніхто не хоча быць першым, набіваючы сабе гузы на кожным кроку».

Ва ўстанове параілі ўсім патэнцыйным кліентам самазанятых майстроў «не патрабаваць ад іх немагчымага». А калі прынцыпова важна атрымаць чэк або разлічыцца безнаяўным – папросту не звяртацца да паслуг самазанятых асобаў.

А ўладальнікам каворкінгаў рэкамендавалі «вялікімі літарамі» інфармаваць сваіх наведвальнікаў, што ў гэтым месцы працуюць самазанятыя майстры і ёсць спецыфіка ў разліках за іх паслугі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках