Пошта Францыі выпусціла маркі з водарам багета
1- 18.05.2024, 20:03
- 1,252

Багет – адзін з галоўных сімвалаў французскай гастраноміі.
Пошта Францыі выпусціла маркі з водарам багета – аднаго з галоўных сімвалаў французскай гастраноміі. Пра гэта паведаміла газета Le Figaro.
Нацыянальная паштовая служба такім чынам надумала аддаць даніну павагі «гэтай перліне французскай культуры», унесенай у лістападзе 2022 года ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Маркі выпусцілі 16 траўня – у дзень памяці Святога Анарэ (Ганарата Ам'енскага), які ўважаецца за апекуна кухараў, булачнікаў і кандытараў.
На марцы надрукавалі ілюстрацыю Стэфана Гумберта-Басэ. Тыраж склаў 594 тыс. экзэмпляраў. Адна марка каштуе €1,96. Каб адчуць пах багета, марку трэба пацерці.

У канцы сакавіка Пошта Францыі прапанавала маркі, прысвечаныя Алімпійскім і Паралімпійскім гульням у Парыжы 2024 года. На марках намаляваныя, сярод іншага, Эйфелева вежа і рака Сена. Тыраж склаў 800 тыс. экзэмпляраў.
Паводле традыцыі асаблівая паштовая марка выпускаецца да кожнай Алімпіяды. Марка парыжскіх Гульняў падыходзіць для міжнародных паштовых адпраўленняў.