Польшча выдаткуе $2,5 мільярда на ўмацаванне мяжы з Беларуссю і РФ
9- 18.05.2024, 18:33
- 2,498

Кодавы назоў праграмы – «Шчыт Усходу».
Урад Польшчы вылучыў 10 млрд злотых (больш за 2,5 млрд даляраў) на ўмацаванне мяжы з Беларуссю і Расеяй. Новая абарончая праграма атрымае кодавы назоў «Шчыт Усходу».
Пра гэта 18 траўня заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск, паведамляе gazeta.pl. Працы ўжо пачаліся.
– Гэта будзе шчыт, які абароніць нас ад нападаў з усходу, ягоная галоўная задача – стрымліваць ворага. «Шчыт Усходу» ўяўляе з сябе сістэму ўмацаванняў і фартыфікацыйных збудаванняў, а таксама мадэрнізацыю 400 кіламетраў мяжы з Расеяй і Беларуссю. Гэта будзе стратэгія, накіраваная на тое, каб адсунуць вайну ад нашых межаў, – заявіў Дональд Туск.
Ён дадаў, што бяспеку Польшчы арганізуюць «заходняя супольнасць, еўрапейскі купал, які абараняе неба, “Шчыт Усходу”, польская спадарожнікавая праграма з выкарыстаннем сродкаў ЕЗ, добра аснашчаны і навучаны польскі салдат і дзяржава, бязлітасная ў дачыненні да агентуры і дыверсій».
Міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш паведаміў, што ў рамках праграмы «Шчыт Усходу» на ўсёй даўжыні мяжы краіны з Расеяй і Беларуссю «будуць створаныя лясныя масівы, загароды і ўмацаванні».