18 снежня 2024, Серада, 15:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Кміць: На Захадзе прынялі пастанову, што з Лукашэнкам трэба заканчваць

33
Юрый Кміць: На Захадзе прынялі пастанову, што з Лукашэнкам трэба заканчваць
ЮРЫЙ КМІЦЬ
ФОТА: FACEBOOK

Якім будзе адказ на ядзерныя "вучэнні" двух дыктатараў.

Беларусь далучаецца да Расеі на другім этапе ядзерных вучэнняў. Пра гэта заявіў у Маскве расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін. Паводле ягоных слоў, дадзенае адпаведнае даручэнне міністэрствам абароны і генеральным штабам дзвюх краін. Лукашэнка палохае свет ядзерным апакаліпсісам.

Ці могуць два дыктатары пайсці ва-банк? Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагаварыў з кіраўніком украінскай грамадскай арганізацыі "Заходні інфармацыйны фронт", сузаснавальнікам Беларускага інфармацыйнага цэнтра ў Львове Юрыем Кмітам.

“Пуціна гэта страшна ўсхвалявала”

- Мы бачым адказ Захаду на эскалацыю Эмануэля Макрона. Прэзідэнт Францыі ў апошні час актыўна разгойдваў тэму магчымага ўвядзення войскаў NАТО на тэрыторыю Украіны. Мы ведаем, што ў яго заканчваецца прэзідэнцкі тэрмін, а трэці раз ён не можа балатавацца, таму Макрон прымярае на сябе ролю новага лідара Еўропы.

Вялікабрытанія ўжо не з'яўляецца чальцом Еўразвязу, а ў Нямеччыне крызіс лідарства пасля Ангелы Мэркель. Партыя Шольца страчвае папулярнасць. Хутчэй за ўсё на наступных выбарах зноў хрысціянскія дэмакраты прыйдуць да ўлады. У гэты момант фігура Макрона выглядае больш арганізаванай, ён з'яўляецца прэтэндэнтам на лідарства ў Еўропе. Макрон амбіцыйны, яшчэ дастаткова малады, хоча ўзяць для сабе ролю такога французскага Напалеона Банапарта ў барацьбе з Расеяй, але з прэтэнзіяй на перамогу. Палітычна прэзідэнт Францыі ўжо стаў на гэты шлях.

Пуціна гэта страшна ўсхвалявала, ён разумее, што можа сапраўды дайсці да размяшчэння войскаў NАТО ва Украіне. З іншага боку - ён бачыць, як Байдэн закрэслівае ўсе "чырвоныя лініі", якія рысуе Расея. У іх зараз ідзе своеасаблівая гульня - Пуцін малюе “чырвоныя лініі”, а Байдэн іх зафарбоўвае.

Расеі ўжо акрамя ядзернай зброі няма чаго прапанаваць. Чым яшчэ Крэмль можа палохаць? Выкарыстаннем? Гэтага ніхто не зразумее, гэта будзе вайна супраць усіх. Кітай адзін з першых дакладна сказаў, што не дапусціць, не прымае і не будзе прымаць нават шантажу ядзернай зброяй, не кажучы ўжо пра больш высокія ўзроўні эскалацыі.

У Пуціна засталіся толькі дзве опцыі - гэта баявыя вучэнні з ядзернай зброяй і пагроза дырэктыўнага выкарыстання. Але ён баіцца яе выкарыстоўваць, бо можа адбыцца тое, што часта здараецца з ВКС Расеі. Бомба з ядзернай зброяй можа зваліцца на тэрыторыі Расеі, якое-небудзь мацаванне можа выпасці, можа быць аварыя самалёта праз няспраўнасць. Ён забамбуе гэтай ядзернай зброяй сам сябе.

“Унутры Лукашэнка спадзяецца, што Пуцін дагуляецца”

Што робіць Лукашэнка? Ён гуляе ў гульню з Пуціным, які кажа: "Ідзі ва Украіну, дапамагай мне яе захапіць". На што Лукашэнка адказвае: “Не-не. Мы не ва Украіну, мы з Польшчай ваюем, з Захадам. Беларусь пад пагрозай уварвання з боку Літвы і Польшчы”. Ён спецыяльна абраў паводзіны такога ідыёта, каб абараняцца ад ціску Пуціна.

Падыгрыванне ўсім гэтым благім ідэям Пуціна, накіраваным супраць Захаду, для Лукашэнкі ўсяго толькі спосаб не дапамагаць у вайне супраць Украіны. Ён жа павінен паказаць дзейнасць, што займаецца запалохваннем Захаду разам з ім, а заадно бярэ ваенныя замовы, атрымлівае фінансаванне. Лукашэнка нават хваліцца тым, што ён суўдзельнік, суагрэсар.

Але ўнутры Лукашэнка спадзяецца, што Пуцін дагуляецца з гэтым, Расея пачне падаць, а тады ў яго з'явіцца магчымасць весці самастойную палітыку. Ён пабяжыць на Захад, упадзе на калені і скажа: “Я яму войскаў не даў, я яго, ідыёта, дурыў, я з яго смяяўся. Я з вамі быў, вы што, не разумееце, гэта ўсё было іронія і сарказм”. Ну проста "95 Квартал" у выкананні Лукашэнкі, толькі на беларускай палітычнай сцэне. Вы ўбачыце, мы да гэтага дажывём, як ён будзе гэта ўсё тлумачыць.

"Гэта апошняе папярэджанне"

- Як Захад павінен адрэагаваць у гэтай сітуацыі, ці варта верыць беларускаму дыктатару?

- Захад усё разумее і адпаведна рэагуе, ён проста не звяртае ўвагі на Лукашэнку. Вы бачылі, каб нехта з заходніх лідараў увогуле неяк каментаваў ягоныя дзеянні? Ніхто не лічыць патрэбным нават каментаваць усё гэтае трызненне ад Лукашэнкі.

Яны ўжо стаміліся і прынялі сабе пастанову, што час з ім заканчваць. Таму пры сустрэчы лідары Захаду данеслі сваю пазіцыю лідару Кітая, там выпрацавана цэлая база перамоў. І гэтую пазіцыю Сі Цзіньпін выдасць 13 траўня Пуціну, прычым у такім варыянце, што гэта апошняе папярэджанне. Маўляў, я тут імкнуся выратаваць тваю рэпутацыю, спрабую выбраць для цябе найлепшую пазіцыю з магчымых, усе наступныя прапановы будуць значна горшыя за тое, што ты сёння атрымаў.

Сі прыехаў у Францыю, каб вытаргаваць сабе бонусы, за якія ён паставіць умовы Пуціну. Прычым Сі здабудзе ад абодвух бакоў - ад Амерыкі і Еўропы атрымае свае прэферэнцыі за ўдзел у перамовах і ціск на Пуціна, а ад яго свае прэферэнцыі ў выглядзе эканамічных выгод. Захаду лідар Кітая кажа: “Вось, я толькі з-за нашага вялікага сяброўства, з-за нашага вялікага гандлёвага абароту іду ціснуць на свайго партнёра і супольніка. Вы не думайце, што я з вамі, я проста выконваю вам паслугу, але вы мне за гэта павінны тое, тое і тое зрабіць”. А Пуціну Сі расказвае, што ён яго сябар і супольнік, які вытаргоўвае для Расеі найлепшыя ўмовы.

“Мы зараз назіраем пачатак агоніі пуцінскага рэжыму”

Вы ўсё гэта ўбачыце пасля 13 траўня, які твар будзе ў Пуціна і якія будуць наступствы перамоў з Кітаем. Калі Пуцін не зразумее, што гэта апошняя прапанова, будуць выдадзеныя Украіне ракеты далёкасцю на тысячу кіламетраў, паўтары тысячы кіламетраў, «Тамагаўкі», F-22, F-35 і далей згодна са спісам.

Амерыка заняла вельмі жорсткую пазіцыю наконт эканамічнай блакады Расеі на тэрыторыі кітайскай эканомікі, на тэрыторыі турэцкай эканомікі, тэрыторыі эканомікі Савудаўскай Арабіі. Паступова здушваецца магчымасць Пуціна атрымліваць санкцыйныя тавары, банкаўскія пераводы, ідуць размовы аб блакаванні выхадаў з Балтыйскага мора “шэрых” танкераў з нафтай.

Пуцін ужо зразумеў, што ніякі шантаж не даў свайго плёну, што яго проста перасталі баяцца, і гэта яго спалохала. Мы зараз назіраем пачатак агоніі пуцінскага рэжыму, якая, на жаль, будзе працягвацца яшчэ доўга, бо ягоная ўпартасць усім вядомая.

Адзін з варыянтаў далейшага развіцця падзей - Пуцін можа і далей дацягваць гэтую планку эскалацыі да найвышэйшага ўзроўню, пагражаючы адстрэліць сабе нагу, таму што ваенны патэнцыял Расеі тэхнічна небяспечны для ўласнага насельніцтва.

Вы ведаеце, што апошні год, у якім адбывалася вытворчасць баявога плутонію ў СССР, быў 1991-ы. Навукова абгрунтаваны тэрмін дзеяння ўсіх гэтых ядзерных рэчываў, вывучаны спецыялістамі, - гэта 30 гадоў. Ужо прайшло 34, невядома, як яны будуць паводзіць сябе далей. Проста савецкія навукоўцы не дайшлі да такога ўзроўню прагнозаў, не было столькі часу. Расейскія навукоўцы ўсё гэта страцілі, там няма такога патэнцыялу, які меў Савецкі Звяз.

Варта таксама адзначыць, што Расея не мае сваёй ядзернай зброі, гэта ядзерная зброя Савецкага Саюза, якая належала 16 рэспублікам. Казахстан, Украіна і Беларусь адмовіліся ад той ядзернай зброі, якая ім не належала, але была на іх тэрыторыі, узамен патрабуючы гарантый бяспекі. Для Украіны гэта быў Будапешцкі мемарандум. Што ў выніку атрымала Украіна - мы ведаем. Гэта вайна і подласць з боку Расеі.

І згодна з логікай гэтага мемарандума, свет павінен вярнуць Украіне ядзерную зброю, а ў Расеі забраць савецкую. Расея атрымала ўкраінскія ядзерныя боегалоўкі, але не выканала сваю частку дамовы аб гарантыях бяспекі. З гэтага вынікае, што кожны з лідараў чатырох краін - Кітая, Вялікабрытаніі, Францыі і Злучаных Штатаў - можа гэта згадаць і сказаць: "Мы павінны вярнуць ядзерную зброю Украіне, таму што яна ў абмен на бяспеку яе добраахвотна аддала, але атрымала вайну". Разумны сэнс падказвае, што Расея павінна пазбавіцца запасаў савецкай ядзернай зброі з-за сваіх неадэкватных паводзін, агрэсіі і няўмення ёй карыстацца.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках