9 траўня 2024, Чацвер, 3:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У якіх раёнах Беларусі найбольш стратных прадпрыемстваў

5
У якіх раёнах Беларусі найбольш стратных прадпрыемстваў

Да 55%.

Ці ведаеце вы, што 21% ад усіх працуючых у Беларусі прадпрыемстваў (паводле звестак на студзень 2024 года) былі стратнымі? І гэта ўвогуле па краіне. А калі глядзець на сітуацыю ў асобных раёнах, то месцамі атрымліваецца больш сумна. Або, правільней сказаць, дэпрэсіўна. Еўрарадыё знайшло раён Беларусі, у якім колькасць прадпрыемстваў, якія працуюць у мінус, перавышае 50%.

Усе яны, каб застацца на плыву, выпрошваюць грошы з бюджэту. Інакш кажучы - нашы з вамі падаткі і прыбыткі паспяховых дзяржпрадпрыемстваў, якія маглі пайсці на рамонт дарог і будаўніцтва школ і лякарняў, сыходзяць на падтрыманне іх штаноў. «Эканамічны цуд» Лукашэнкі ва ўсёй красе.

Расказваем вам, у якіх рэгіёнах працуе больш за ўсё прадпрыемстваў, якія цягнуць эканоміку Беларусі на дно.

Хоцімскі раён. 55% прадпрыемстваў - стратныя

Абсалютны рэкардсмен у спісе раёнаў са стратнымі прадпрыемствамі - Хоцімскі. Самы ўсходні рэгіён Беларусі з насельніцтвам амаль 10 тысяч чалавек знаходзіцца ў Магілёўскай вобласці ля мяжы з Расеяй.

Сярэдні заробак у Хоцімскім раёне адзін з самых нізкіх у краіне — 1336 рублёў (пры сярэднім па краіне 2025 рублёў). А агульная страта ўсіх прадпрыемстваў складае 49 тысяч рублёў.

Нягледзячы на такі стан рэчаў, тут рэгулярна адбываюцца карупцыйныя скандалы. У верасні мінулага года былы кіраўнік Хоцімскага раёна асуджаны за перавышэнне ўлады і атрыманне хабару. А ў снежні камунальнае прадпрыемства «Жылкамгас» праводзіла самавольную здабычу грунта-даламіта.

Бялыніцкі раён - 40%

Гэта таксама Магілёўская вобласць. Бялынічы - райцэнтр з насельніцтвам блізу 17 тысяч чалавек. Прадпрыемствы раёна вырабляюць драўніну, кармы для жывёл, рапсавы алей.

Таксама ў Бялынічах знаходзіцца цэх па вытворчасці сыроў канцэрна «Бабулін гладыш». Цалкам магчыма, што менавіта за кошт яго баланс прыбытку ўсіх арганізацый раёна застаецца станоўчым - 844 тысячы рублёў.

Але пры гэтым 40% прадпрыемстваў раёна - хранічна стратныя. Сярэдні заробак у рэгіёне роўны 1580 рублям.

Берасцейскі раён - 37,3%

Дзіўна, але менавіта гэты раён замыкае наш топ-3. Вы спытаеце: а як жа «Савушкін прадукт» ці «Санта Брэмар»? Дык вось тут разглядаюцца толькі тыя прадпрыемствы, якія знаходзяцца па-за межамі горада Берасця.

У раёне працуе шмат сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія, імаверна, і цягнуць эканоміку ўніз. Нягледзячы на вялізную долю стратных прадпрыемстваў, у агульным паказчыку арганізацыі раёна выйшлі ў плюс амаль на 2 млн рублёў.

У параўнанні з іншымі рэгіёнамі з нашага топу, тут прыкметна вышэйшы сярэдні заробак — 1824 рублі.

Іўеўскі раён - 35,3% стратных прадпрыемстваў

Наступны на чарзе - Іўеўскі раён Гарадзенскай вобласці. Яго насельніцтва складае крыху больш за 20 тысяч чалавек. Тут вырабляюць сельгасабсталяванне, хімічныя прадукты, а таксама вырабы з дрэва і паперы.

Але прыбыткі гэтыя арганізацыі раёну не прыносяць. Наадварот, іх сукупныя страты роўныя амаль 6 млн рублёў.

Высокім заробкам тут таксама пахваліцца не могуць. Агулам жыхары Іўеўскага раёна атрымліваюць «бруднымі» 1360 рублёў.

Горад Жодзіна - 35,3%

І на пятым месцы - адзін з самых прамыслова развітых гарадоў Беларусі з насельніцтвам 63 тысячы чалавек. Жодзіна знаходзіцца ў Менскай вобласці, і ў першую чаргу вядомае заводам па вытворчасці кар'ерных самазвалаў «БелАЗ». Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, там працуе блізу 10 тысяч чалавек.

У горадзе таксама наладжаная вытворчасць святлодыёдных свяцільнікаў, дзіцячага адзення і трыкатажу.

Тым не менш, 35,3% прадпрыемстваў горада, гэта значыць, больш за траціну, знаходзяцца ў страце. Але прамысловыя гіганты іх выцягваюць. Чысты прыбытак, які генеруюць прадпрыемствы Жодзіна, складае больш за 8 мільёнаў рублёў.

Ды і сярэдні заробак у горадзе даволі прыстойны — 2 284 рублі, а гэта на 13% вышэй, чым сярэдні па Менскай вобласці.

А ў якіх раёнах найменш стратных прадпрыемстваў?

У Горацкім раёне, мяркуючы са звестак Белстата, толькі 4,2% арганізацый працуюць у мінус.

Такая сітуацыя ў Добрушскім і Жыткавіцкім раёнах - па 4,3%.

Крыху стратных прадпрыемстваў таксама ў Дзятлаўскім (4,5%), Калінкавіцкім (4,7%) і Старадарожскім раёнах (4,8%).

З абласных цэнтраў найменш страт нясуць арганізацыі Гомеля (15,9%), а больш за ўсё — Менска (28%).

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках