Дэвід Сатэр: Не было ніякага шанцу, што несамавіты Пуцін стане прэзідэнтам
4- 8.04.2024, 15:53
- 17,094
Ці ёсць сувязь паміж тэрактам у «Крокусе» і выбухамі ў РФ у 1999 годзе?
З дня тэракту ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе» прайшло два тыдні, але не цішэе пытанне: хто ж насапмрэч стаіць за нападам.
Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з вядомым амерыканскім журналістам Дэвідам Сатэрам, які спецыялізуецца на тэматыцы СССР і Расеі.
- Я ўсё ж мяркую, што гэта быў ІДІЛ. Нашы [амерыканскія] выведслужбы мелі інфармацыю аб падрыхтоўцы нападу, нават паказвалі на «Крокус Сіці Хол» як на адну з магчымых мішэняў гэтага нападу. Не сумняваюся, што гэта быў ІДІЛ. Між іншым, раней «ІДІЛ-Харасан» напаў на расейскае пасольства ў Кабуле. І самае галоўнае, што калі расейскія спецслужбы ўсё ж прадухілілі напад 7 сакавіка на сінагогу ў Калужскай вобласці, яны сказалі, што ён рыхтаваўся ІДІЛ, і што яны дзейнічалі на падставе інфармацыі, якую яны атрымалі ад Амерыкі.
Таму тут, я думаю, няма вялікіх сумневаў. Плюс той факт, што ІДІЛ гэта рэкламуе. Яны звычайна не прэтэндуюць на чужыя тэрарыстычныя акты. Цяпер жа тэрарысты сказалі і паўтарылі, што гэта менавіта яны, хто гэта зрабіў, яны пагражалі паўтарыць гэта.
Таму, я думаю, што ўсе гэтыя абвінавачанні з боку Расеі, што гэта арганізавана краінамі Захаду ці Украінай, гэта проста прапагандысцкі трук.
Развагі аб тым, што расейскія ўлады самі арганізавалі гэта, каб мець падставу для мабілізацыі, мне здаюцца малаімавернымі. Натуральна, я ведаю лепш за многіх іншых, што расейскія ўлады здольныя на такія рэчы. Я абсалютна перакананы, што яны арганізавалі выбухі 1999 года, у выніку якіх Пуцін стаў прэзідэнтам. Але ў гэтым выпадку, мне падаецца, што гэта не было арганізаванае пуцінскім рэжымам.
Найперш, няма неабходнасці гэта рабіць. Яны могуць правесці мабілізацыю без гэтага. Проста так нагнятаць атмасферу ім таксама не асабліва трэба. Плюс, такія падзеі, тэрарыстычныя акты ў такім маштабе ўнутры Расеі, фактычна падрываюць іх галоўную мэту, вайну ва Украіне, бо яны могуць стварыць уражанне, што Расея сама пад пагрозай, не мае сэнсу нападаць на іншых.
- Атрымліваецца, што развагі, аб тым што можна правесці паралелі паміж выбухамі дамоў 1999 года і гэтай атакай - блізкасць да выбараў, мабілізацыя грамадства - гэтыя аргументы вы не прымаеце?
- Гэты тэрарыстычны акт быў пасля выбараў, а ў 1999 годзе яны рыхтаваліся да выбараў. У 1999 годзе была пэўная мэта: стварыць паніку, апраўдаць другую вайну ў Чачэніі, перарадзіць Пуціна ў вярхоўнага галоўнакамандуючага, які абараняе нявінна забітых расейскіх людзей. Гэта было вельмі старанна зрэжысавана. Тут жа - нічога такога, нейкая канкрэтная мэта - не зразумелая. Усё, што яны могуць атрымаць з гэтага, яны дасталі постфактум, абвінавачваючы Украіну.
Але ёсць, вядома, адно выключэнне: я дапускаю, што яны ведалі аб тым, што тэрарыстычны акт рыхтуецца, не вельмі імкнуліся гэта прадухіліць, бачылі ў гэтым нейкую выгаду для сябе. Магчыма, разлічвалі на тое, што калі гэта здарыцца, то можна будзе абвінаваціць Украіну. Хоць, такі разлік (калі ён быў) не вельмі дальнабачны, бо гэта стварае ў Расеі адчуванне, што трэба скончыць з вайной, бо ёсць пагроза тут, якая зыходзіць ад іншых актораў. Я гэтага не магу цалкам выключыць, але я не бачу, што гэта была частка нейкай такой грандыёзнай змовы, якую мы бачылі ў 1999 годзе.
- Вы - адзін з вядучых сусветных экспертаў па тэме выбухаў дамоў 1999 года. На вашую думку, матыву і непасрэдных прычын для арганізацыі ўладамі тэракту ў «Крокус Сіці Холе» няма, як няма і выразных прыкмет таго, што тэракт быў арганізаваны ўладамі?
- Няма прыкмет, што гэта было арганізаванае расейскімі ўладамі. У 1999 годзе яны арыштавалі фсбшнікаў, якія заклалі бомбу ў склеп будынка ў Разані - там была маса сведчанняў. Я думаю, што калі б мы маглі мець міжнародны трыбунал, мы б бясспрэчна давялі, што ў 1999 годзе была правакацыя, якая была зробленая з мэтай пасадзіць Пуціна на пасаду прэзідэнта.
У гэтай сітуацыі (тэракт у «Крокус Сіці Холе») такіх довадаў у нас няма - у нас проста падазрэнні, бо мы ведаем характар расейскіх лідараў. Мы ведаем іх схільнасць да правакацый. У той жа час ёсць нямала сведчанняў, што гэта было арганізавана менавіта ІДІЛ, у тым ліку іх аб'ява, што менавіта яны за гэта адказныя.
- У той жа час ёсць, скажам, дробныя неадпаведнасці з версіяй аб тым, што пуцінскія спецслужбы не ўцягнутыя ў гэта. Многія вядомыя апазіцыйныя дзеячы з Расеі і каментатары ва Украіне, адзначаюць, што «Крокус Сіці Хол» - гэта вельмі ахоўнае месца, што побач ёсць адміністрацыйныя будынкі, што доўга не было рэакцыі паліцыі. З такіх ускосных прыкмет узнікае падазрэнне, што спецслужбы не рэагавалі належным чынам так, як яны маглі б рэагаваць.
- «Крокус Сіці Хол» знаходзіцца ўсё ж па-за межамі Масквы, у іншым адміністрацыйным рэгіёне, дзе рэжым бяспекі слабейшы, а доступ да гэтага аб'екта лягчэйшы. Туды можна бесперашкодна даехаць без маскоўскага нагляду. Гэты аб'ект быў абраны наўмысна. Натуральна, могуць быць новыя сведчанні, новыя довады, якія паказваюць, што гэта была правакацыя, якая была арганізаваная пуцінскім рэжымам. Але на гэты момант, мне здаецца, што гэта быў тэрарыстычны акт, які быў учынены ІДІЛАм.
Цяпер пуцінскі рэжым імкнецца атрымаць з гэтага палітычную выгаду. Раней, у 1999 годзе, яны самі падрывалі дамы з палітычных прычын. Цяпер яны імкнуцца выкарыстаць зробленае іншымі ў палітычных мэтах.
Але ёсць адна туманная магчымасць, што яны пра гэта ведалі, і не імкнуліся гэта прадухіліць. Гэта цяжэй за ўсё давесці. Гэтую магчымасць нельга выключыць. Але насамрэч выгады ад гэтага ў іх вельмі мала. Яны маглі абвінаваціць Украіну з зусім іншых прычын у злачынстве ў дачыненні да Расеі. Мабілізацыя ад гэтага не залежала.
Кажучы пра выбухі 1999 года, мы можам сказаць, што не было ніякага шанцу, каб несамавіты, абсалютна пазбаўлены харызмы Пуцін стаў бы прэзідэнтам, калі б не было гэтых выбухаў. Гэтыя выбухі зрабілі Пуціна прэзідэнтам Расеі.
Мэты, якіх мог дасягнуць напад на «Крокус Сіці Хол», вельмі туманныя і размытыя, не вельмі вызначаныя і не вельмі важныя. Іх можна дасягнуць зусім іншымі спосабамі. Таму, хоць я не выключаю ідэю, што яны ведалі аб нападзе і надумалі нічога не рабіць (гэта таксама ў адпавядае іх маральным стандартам), мне здаецца, на базе інфармацыі, якую мы цяпер маем (і я хачу падкрэсліць, што новая інфармацыя можа мяняць сітуацыю) усё, што я бачу ў гэтай сітуацыі, штурхае мяне на думку, што ўсё ж гэта быў правал спецслужбаў, што яны не хацелі аператыўна і сур'ёзна рэагаваць на папярэджанні ад Амерыкі. Цяпер яны імкнуцца гэта выкарыстоўваць на карысць вайны ва Украіне.
- За дзесяцігоддзі знаходжання ва ўладзе Уладзімір Пуцін стаў вядомы тым, што вельмі страшныя правалы ў гарантаванні бяспекі, якія прыводзілі да вялікіх чалавечых ахвяр, ён выкарыстаў для сваёй выгады. Пасля кожнага такога правалу ён рабіўся мацнейшым. Як вы думаеце, як будзе выкарыстаны гэты правал?
- Калі казаць пра Дуброўку, Беслан, то я не ўпэўнены, што з іх пункту гледжання гэта былі правалы - яны ўдзельнічалі ў планаванні гэтых тэрарыстычных актаў, яны кантралявалі ход падзей. У іх быў пэўны план, і гэты план працаваў: не было ніякіх перамоў наконт урэгулявання ў Чачэніі, знішчылі дэмакратычнае, прынамсі, не экстрэмісцкае чачэнскае крыло.
У выпадку Беслана іх агенты былі сярод тэрарыстаў. Яны вызвалілі людзей з турмаў напярэдадні тэрарыстычнага акту - і гэтыя людзі з'явіліся там. Улады атрымалі папярэджанні, якія ўказвалі менавіта на гэтую школу, а яны нічога не рабілі, ігнаравалі.
Я не выключаю, што такія факты існуюць і ў гэтым выпадку. Але пакуль яны не былі абнародаваныя. Мы павінны зараз рабіць высновы толькі на базе інфармацыі, якую маем. Іх удзелу не бачна. Мы не можам сказаць, што сярод гэтых тэрарыстаў былі агенты ФСБ, якія кіравалі аперацыяй. Мы ведаем, што амерыканскае пасольства папярэдзіла з нагоды «Крокус Сіці Хола», але яны папярэдзілі за два тыдні да падзеі і сказалі, што гэта адна з магчымасцяў.
Калі глядзець на гэта цвяроза, мне здаецца, мы можам дакладна сказаць, што яны дэманструюць свой поўны цынізм: «Пастараемся выкарыстоўваць гэты тэрарыстычны акт для палітычных мэт». Мы можам таксама сказаць, што пакуль няма інфармацыі, што яны самі рыхтавалі гэты тэрарыстычны акт.
- Цынізм, палітычны апартунізм, поўнае грэбаванне чалавечым жыццём мы ўжо бачылі. Але мы не бачылі такой звярынай жорсткасці ў стаўленні да затрыманых. Рабіліся страшныя зверствы, самым мяккім з якіх было тое, што проста з рэанімацыі на каталцы затрыманага прывезлі ў суд. Чаму такая паказная жорсткасць у дачыненні да затрыманых?
- Гэта адпавядае той ідэі, што гэта быў іх правал, а яны цяпер паказваюць на публіку, якія яны моцныя. Яны ўспрынялі гэты факт, што гэта магло адбыцца як прыніжэнне. Цяпер яны, як людзі не вельмі далёкія і, безумоўна, без асаблівай павагі да закона, хацелі б прадэманстраваць расейскаму грамадству, што ўсё ж «мы моцныя, мы можам і будзем вас абараняць, будзем іх катаваць». Гэта, вядома, сведчыць аб узроўні цывілізаванасці, павагі да закону і маральных нормах у Расеі. Хутчэй за ўсё, як мне падаецца, гэта псіхалагічная рэакцыя на паражэнне: нягледзячы на папярэджанне, гэтыя тэрарысты здолелі гэта ўсё зрабіць. Натуральна, замоўцы, арганізатары не патрапілі ў рукі расейскіх спецслужбаў, а дэбільных выканаўцаў можна біць і катаваць проста для дэманстрацыі сілы.
- Як гэты тэракт паўплывае на расейскае грамадства? Ці памяняецца яно?
- Трэба мець на ўвазе, што ІДІЛ абяцаў, што гэта будзе паўтарацца. Яны ўмацоўваюцца ў Афганістане. Размешчаныя яны блізка. Праз Цэнтральную Азію яны маюць доступ да Расеі. Вельмі шмат людзей з Цэнтральнай Азіі працуюць у Расеі на часовай ці сталай аснове.
Калі гэта будзе паўтарацца, калі будзе цэлая серыя такіх нападаў, гэта можа ўплываць на сітуацыю не на карысць вайны ва Украіне, не на карысць Пуціна.
Такі сімвал, прыклад нестабільнасці, адсутнасць кантролю, мяркую, не пойдзе на карысць рэжыму.