8 траўня 2024, Серада, 16:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У беларускіх прадпрыемстваў ёсць тэхнічныя праблемы з экспартам нават у Расею

2
У беларускіх прадпрыемстваў ёсць тэхнічныя праблемы з экспартам нават у Расею

Вось у чым справа.

Холдынг «Беларуская цэментная кампанія», якая аб'ядноўвае больш за 20 прадпрыемстваў з гэтай галіны, сутыкнуўся з праблемай пры экспарце ў Расею. Пра тое, як яе спрабуюць развязаць, распавёў на міжнароднай канферэнцыі «Чыгуначны грузавы транспарт: вытворчасць, эксплуатацыя, лізінг, рамонт» начальнік упраўлення лагістыкі холдынгу Андрэй Лімараў, паведамляе «Люстэрка».

На канферэнцыі абмяркоўваліся праблемы лагістыкі, якія зараз актуальныя для многіх перавозчыкаў і вытворцаў. Сярод іх – недахоп вагонаў-хопераў (бункерных грузавых вагонаў для перавозкі сыпкіх грузаў, якія самі разгружаюцца) і павелічэнне тэрмінаў іх руху з завода-вытворцы да спажыўца і назад.

Са слоў Андрэя Лімарава, БЦК пастаўляе цэмент у Расейскую Федэрацыю ў двух кірунках: ЦФА – у бок Масквы і Маскоўскай вобласці і ПЗФА – у бок Санкт-Пецярбурга.

- Калі раней пры пастаўках цэменту ў Маскоўскі рэгіён тэрмін знаходжання вагонаў у шляху – ад пачатковага пункта да канчатковага і назад – складаў 11 дзён, то цяпер гэта ўжо 20 дзён. Абарачальнасць вагонаў у Паўночна-заходнюю акругу павялічылася з 14 да 25 дзён. Атрымліваецца, для таго, каб выканаць дамоўленасці з расейскімі партнёрамі на 2024 год, холдынгу трэба павялічыць свой чыгуначны парк. А каб у гэтым годзе перавесці абʼём цэменту мінулага года, нам неабходна ўдвая больш адзінак тэхнікі, – сказаў начальнік упраўлення лагістыкі БЦК.

Таму, са слоў Лімарава, «Беларуская цэментная кампанія» вядзе актыўную работу ў развязанні сітуацыі, якая склалася. Гэта ўкараненне розных інструментаў для больш эфектыўнага выкарыстання хопер-вагонаў і скарачэння тэрміну іх абароту, распрацоўка ўласнай маршрутызацыі, правядзенне перамоў з беларускімі і расейскімі партнёрамі на самых розных узроўнях.

Ва ўмовах заходніх санкцый расейскі рынак стаў для многіх буйных беларускіх прадпрыемстваў фактычна безальтэрнатыўным пунктам збыту прадукцыі. А забарона на транзіт айчынных тавараў праз марскі тэрмінал у Клайпедзе, які знаходзіцца ў Літве, прывёў да таго, што і экспарт у іншыя краіны зараз праходзіць у асноўным праз тэрыторыю Расеі і яе парты. Аднак, як бачна, у беларускіх кампаній ёсць нават праблемы з экспартам у саму Расею.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках