У Берасці на продаж выставілі рынак «Варшаўскі»
3- 25.04.2024, 16:50
- 4,046
Колькі просяць?
На электроннай гандлёвай пляцоўцы Беларускай універсальнай таварнай біржы размясцілі аб'яву аб незвычайных таргах. Беларусам прапанавалі набыць рынак «Варшаўскі» ў Берасці.
Рынак размешчаны ў паўднёва-заходнім раёне Берасця на пляцоўцы плошчай 3,77 га. Комплекс, мяркуючы паводле інфармацыі аб лоце, прадаюць разам з усімі будынкамі: гэта будынак адміністрацыі з камерай захоўвання разам са стаянкай, 18 гандлёвых блокаў, агароджа вакол рынку, туалет, брамкі, кантэйнерная пляцоўка, шыльда «Варшаўскі рынак», лаўкі і не толькі.
Вядома, што на рынку праведзены цэнтральныя камунікацыі, у павільёнах усталяваная сістэма пажараапавяшчэння, а паркоўка прадугледжвае выезд на Варшаўскую шашу.
Але ёсць нюанс: на рынку арандуюць 21 гандлёвае месца і шэсць машына-месцаў. Прадаўцом указанае ўнітарнае прадпрыемства «Брэсцкі рынак». Пачатковы кошт на таргах за рынак «Варшаўскі» - 3,831 млн рублёў (або $1,182 млн курсам Нацыянальнага банка Беларусі на 25 красавіка).
Заяўкі прымаюць да 15:00 8 траўня 2024 года, а сам аўкцыён запланавалі на 16 траўня. Таргі пройдуць у электроннай форме.
Дарэчы, пераможца аўкцыёну пры аплаце зможа скарыстацца растэрміноўкай: 35% сумы (з улікам унесенага задатку) трэба будзе заплаціць цягам 30 працоўных дзён, а астатняе - унесці роўнымі часткамі цягам паўгода. Але пры гэтым на суму астатняй часткі будуць налічваць кожны месяц адсоткі ў суме паловы стаўкі рэфінансавання Нацбанку.