24 траўня 2024, Пятніца, 10:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аніматар расказаў, як на Валадарцы правялі Марш волі і лялечны спектакль

Аніматар расказаў, як на Валадарцы правялі Марш волі і лялечны спектакль

Андрэй Трэзубаў - пра барацьбу з монстрамі.

Андрэй Трэзубаў - аніматар з 30-гадовым стажам на чале калектыву «Гузікі». У студзені мінулага года мужчыну затрымалі, а пазней асудзілі на тры гады "хатняй хіміі" паводле "народнага" артыкула.

Аднак палітвязень змог пакінуць Беларусь і зараз праводзіць спектаклі для дзяцей беларускіх эмігрантаў у Польшчы.

У інтэрв'ю «Белсату» ён расказаў, як прайшлі яго 100 дзён у зняволенні.

- Усё жыццё я жыў у пэўнай бурбалцы, праца адкладае свой адбітак: дзеці-бацькі. А там я даведаўся, што людзі бываюць вельмі розныя, - распавядае Андрэй. - Пасля Акрэсціна мяне прывезлі на Валадарку, вывелі ў дворык - я ўпершыню за шмат дзён адчуў свежае паветра, убачыў снег.

У гэты момант мяне накрыла, я падумаў, што тут трэба зрабіць лялечны спектакль, і гэта будзе дужа файна: Валадарка - нешта страшнае і жудлівае, а мы ўсё гэта развеем. Гэта адзіны метад змагання з монстрамі.

У камеры СІЗА на Валадарскага актор напісаў сцэнар для будучага спектакля, у гэтым яму дапамагалі сукамернікі. Героі былі намаляваныя на аркушах. Свайму гледачу спектакль быў прадстаўлены пад назвай «Замак», паколькі СІЗА ў Менску знаходзіцца ў будынку Пішчалаўскага замка.

- Было прадчуванне, што ў мяне будзе магчымасць паставіць гэты спектакль на волі. Задаўся мэтай, і недзе паўтара месяца я збіраў у дворыках Валадаркі цаглінкі. Усяго ўдалося сабраць блізу кілаграма і трыста грамаў цэглы. Іх, не буду казаць як, але ўдалося вынесці, як і матэрыялы спектакля.

«Замак» - не адзіны спектакль, які ўдалося паставіць Трэзубаву ў зняволенні. Яму таксама ўдалося ўвасобіць ідэю светлавога спектакля, паколькі ў камеры было дзве лямпы.

- Шмат-шмат шконак, паміж якімі мы нацягнулі прасцінаў. Думаю, яшчэ ніколі на Валадарцы так не выглядала глядзельная зала. Мае сукамернікі клаліся па тры чалавекі на шконку, і глядзелі дзіцячы лялечны спектакль, адначасова з'яўляючыся яго ўдзельнікамі, паколькі ён быў інтэрактыўным.

Аніматар таксама расказаў, што на Валадарцы ладзілі своеасаблівыя маршы на Дзень Волі.

- Адзін з маіх добрых знаёмых, які таксама быў на Валадарцы, перадаў мне маленькі, намаляваны на аркушы бел-чырвоны-белы сцяг з надпісам «Валадарка». Ён мне расказаў, што 25 сакавіка проста на Валадарцы адбыўся Марш волі.

Там ёсць доўгі калідор паміж прагулачнымі дворыкамі і камерамі, такая прамая лінія на 70 з лішнім крокаў. І вось там ішла калона, трымаючы гэты маленькі сцяжок. Нядаўна я зрабіў прынт гэтага сцяжочка ўжо паўнавартасным сцягам, і пайшоў з ім на марш у Варшаве.

У Польшчы, прызнаецца мужчына, ён адчувае сябе даволі камфортна.

- Распавялі, куды і якія дакументы падаваць. Салідарнасць - гэта вялікая справа, таму я буду паўтараць: я люблю вас, беларусы.

Калектыў «Гузікі» з Андрэем Трэзубавым ладзіць канцэрты для дзяцей у Варшаве. З найбліжэйшага — сямейны фестываль 15 траўня і свята да Дня абароны дзяцей 1 чэрвеня.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках