14 чэрвеня 2024, Пятніца, 8:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ даведаліся, чаму спікер Джонсан змяніў меркаванне аб дапамозе Украіне

10
СМІ даведаліся, чаму спікер Джонсан змяніў меркаванне аб дапамозе Украіне
Майк Джонсан

Падрабязнасці.

Спікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Майк Джонсан, які раней адмаўляўся выносіць на разгляд законапраект аб дапамозе Украіне, змяніў сваё меркаванне пасля азнаямлення з разведвальнымі звесткамі і сведчаннямі аб злачынствах РФ.

Як паведамляе «Еўрапейская праўда», пра гэта ў нядзелю напісалі шэраг амерыканскіх СМІ, у тым ліку The New York Times.

На працягу некалькіх тыдняў пасля таго, як Сенат прыняў маштабны пакет дапамогі для Украіны, Ізраілю і Тайваня, спікер Майк Джонсан клапаціўся аб тым, як правесці праект праз палату і не пазбавіцца пры гэтым пасады.

Ён сустракаўся ў Авальным кабінеце з чыноўнікамі нацыянальнай бяспекі, у тым ліку з Уільямам Бернсам, дырэктарам ЦРУ, каб абмеркаваць сакрэтныя звесткі разведкі. Ён неаднаразова сустракаўся з рознымі групамі рэспубліканцаў і разглядаў стаўленне іх выбарцаў да фінансавання Украіны.

І, нарэшце, калі яго план супрацоўніцтва з дэмакратамі, каб расчысціць шлях для дапамогі Украіне, наткнуўся на рэзкае супрацьстаянне з боку ультракансерватараў, якія ўжо пагражалі зрынуць яго, Джонсан, евангельскі хрысціянін, стаў на калені і памаліўся аб кіраўніцтве.

«Я хачу быць на правільным баку гісторыі», – успамінае словы спікера Майкл Макол, кіраўнік камітэту ў замежных справах.

Рашэнне Джонсана рызыкнуць пасадай спікера, каб прасунуць праз Палату прадстаўнікоў законапраект аб дапамозе замежным дзяржавам у 95 мільярдаў даляраў, стала кульмінацыяй ягонай надзвычайнай асабістай і палітычнай эвалюцыі.

«Гісторыя судзіць нас за тое, што мы робім, – сказаў ён журналістам у Капітоліі на мінулым тыдні. – Цяпер крытычны час. Я мог прыняць эгаістычнае рашэнне і зрабіць што-небудзь іншае. Але я раблю тут тое, што я ўважаю за правільнае. Я думаю, што выдаванне смяротнай дапамогі Украіне зараз крытычна важнае».

Джонсан растлумачыў сваю змену часткова брыфінгамі разведкі, якія ён атрымаў.

«Я сапраўды веру гэтай інфармацыі. Я думаю, што Уладзімір Пуцін працягваў бы маршыраваць па Еўропе, калі б яму дазволілі. Думаю, ён можа пайсці далей і супраць Балтыі. Я думаю, што ён можа развязаць канфлікт з Польшчай ці адным з нашых хаўруснікаў у NATO», – адзначыў спікер.

Адзін з самых уплывовых брыфінгаў, са слоў людзей, знаёмых з дыскусіямі, адбыўся ў лютым у Авальным кабінеце, калі лідары Кангрэса сустрэліся з Джо Байдэнам, каб абмеркаваць дзяржаўнае фінансаванне і дапамогу Украіне. Падчас гэтай сустрэчы Бернс і іншыя чыноўнікі нацыянальнай бяспекі спрабавалі пераканаць Джонсана ў тым, наколькі хутка ва Украіне заканчваюцца боепрыпасы і якімі жахлівымі будуць наступствы, калі ўкраінская супрацьпаветраная абарона больш не будзе ўзмоцнена амерыканскай зброяй.

Упэўнены, што яны прымуць яго спосаб мыслення, Джонсан неаднаразова заклікаў рэспубліканцаў атрымаць такія ж брыфінгі разведкі.

Спікер таксама быў уражаны гісторыямі, якія ён пачуў падчас сустрэч з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і іншымі аб маштабах пакут, прычыненых расейскімі войскамі Украіне. Усё гэта паўплывала на пачуццё хрысціянскай веры Майка Джонсана.

Падчас невялікай сустрэчы з заканадаўцамі Джонсан «дастаткова выразна даў зразумець, што калі мы не зробім гэта (ухвалім дапамогу Украіне, – рэд.) у красавіку, для Украіны можа быць занадта позна», – сказаў Дон Бэкан, рэспубліканец ад Небраскі.

У суботу Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласавала за законапраект аб замежнай дапамозе для Украіны. За ўхвалу праекту прагаласавалі 311 чальцоў ніжняй палаты Кангрэса ЗША, супраць выказаліся 112.

Праект абяцалі перадаць на разгляд Сената як змены да сенацкага законапраекта аб міжнароднай дапамозе ЗША HR.815, які быў прыняты ў лютым. Гэта павінна спрасціць працэдуру зацвярджэння пакета ў Сенаце.

Лідар дэмакратычнай большасці ў Сенаце ЗША Чак Шумер заявіў, што Сенат будзе галасаваць за законапраект у аўторак, 23 красавіка.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн паабяцаў падпісаць прыняты праект з дапамогай.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках