У Расеі партызаны выводзяць са строю чыгунку: з'явіліся відэа
11- 21.04.2024, 17:59
- 9,270
Пашкоджанне гэтых абʼектаў ускладняе лагістыку для акупантаў
Падпольныя актывісты актыўна знішчаюць чыгуначную лагістыку на тэрыторыі Расеі. Гэтым руйнуюцца магчымасці войска ў забеспячэнні акупацыйных падраздзяленняў.
Пра гэта інфармуе тэлеграм-канал «Супраціў». Адзначаецца, што чыгунка адыгрывае ключавую ролю ў лагістыцы расейскага войска, што робіць яе найбольш уразлівым месцам.
«Менавіта таму неабыякавыя ўсё часцей пашкоджваюць вузлы і механізмы чыгуначнага транспарта – асноўныя лагістычныя артэрыі, па якіх ажыццяўляюцца пастаўкі на фронт. Кожны дзень падпольшчыкі пашкоджваюць вузлы і механізмы чыгункі: гараць рэлейныя шафы, гараць размеркавальныя трансфарматарныя цягавыя падстанцыі», – гаворыцца ў паведамленні.
Таксама там апублікавалі відэа, на якім, як сцвярджаецца, паказаны рэлейныя шафы ўпраўлення чыгуначных злучэнняў, шафы цэнтралізацыі і трансфарматарныя падстанцыі ў Арлоўскай, Калужскай, Ліпецкай, Краснадарскай, Смаленскай абласцях.
Адзначаецца, што ў выніку пашкоджання названых абʼектаў на працяглы тэрмін быў спынены рух на ўказаных участках, што пакінула расейскае войска без забеспячэння ў крытычны момант.