СМІ: У бухце Севастопаля, акрамя «Камуны», маглі падбіць яшчэ адну «тлустую мэту»
5- 21.04.2024, 17:36
- 17,070
OSINT-аналітыкі прааналізавалі спадарожнікавыя здымкі.
Раніцай 21 красавіка порт акупаванага Севастопаля (Крым) патрапіў пад ракетны ўдар Украіны. Вядома, што ў выніку нападу загарэўся карабель «Камуна» Чарнаморскага флоту (ЧФ). Аднак ён мог быць не адзінай «ахвярай» сённяшняга ўдару.
Як піша dialog.ua, пра гэта паведаміла OSINT-каманда «КіберБрошно».
Экспэрты прааналізавалі спадарожнікавыя здымкі прычала №15 бухты Галандыя за дзень да атакі. Паводле гэтых кадраў, побач з пацярпелай «Камунай» знаходзіўся вялікі дэсантны карабель (БДК). Хутчэй за ўсё менавіта ён і быў галоўнай мэтай удару.
Гаворка ідзе пра БДК праекту 775. Як мяркуецца, гэта можа быць «Ямал». Ці пацярпеў ён, на гэты момант невядома.
Раней OSINT-экспэрты пацвердзілі інфармацыю аб тым, што ў выніку ўкраінскага нападу ўзнік пажар на выратавальным караблі «Камуна» ЧФ Расеі. Гэта ўдалося зрабіць дзякуючы відэа з месца пажару.
Наколькі сур'ёзна пацярпеў гэты карабель, невядома. Акупанты запэўніваюць, што нібыта ўзнік нязначны пажар у выніку падзення абломкаў ракеты. Аднак даверу да гэтай інфармацыі няма.
«Камуна» – гэта найстарэйшае вайсковае судна ў свеце, якое знаходзіцца на ўзбраенні. Яно было спушчана на ваду ў 1913 годзе. Расейцы дагэтуль выкарыстоўваюць яго ў вайсковых мэтах.