У Гародні два чалавекі трапілі ў рэанімацыю праз укусы кляшчоў
2- 21.04.2024, 11:45
- 7,960
Пры гэтым сезон толькі пачаўся.
Два пацыенты абласной інфекцыйнай лякарні апынуліся ў рэанімацыі з клешчавымі інфекцыямі, яшчэ два рыхтуюцца да выпіскі. Пра гэта распавялі ў эфіры «Гродна Плюс». Пры гэтым зазначаецца, што сезон толькі пачаўся.
Летась з клешчавым энцэфалітам да гарадзенскіх медыкаў трапілі 72 чалавекі, у тым ліку сямёра дзяцей. Прычым частка пацыентаў нават не ведала аб укусе.
- Частка пацыентаў, гэта недзе да 30% пралечаных з гэтым захворваннем, выключаюць сам укус кляшча. Чаму так? Гэта самка кляшча можа ўкусіць, унесці вірус і адпасці ад скуры. Таму чалавек не будзе нават ведаць, што яго ўкусіў клешч. І, на жаль, праз нейкі час развіваецца захворванне, - растлумачыла Наталля Малышка, галоўная лекарка Гарадзенскай абласной інфекцыйнай лякарні.
Якія сімптомы клешчавога энцэфаліту? Першыя прыкметы - лёгкая немач, закладзены нос, пяршыць у горле, слабасць, невысокая тэмпература. Доўжыцца гэты перыяд 5-6 дзён. Пасля самаадчуванне паляпшаецца, але ненадоўга: на 10-14 дзень узнікае другая хваля.
Развіваецца пашкоджанне цэнтральнай нервовай сістэмы, пачынаецца паражэнне галаўнога мозга. Гэта можа прывесці да рэанімацыі.