Пентагон назваў тэрміны адпраўкі зброі Украіне паводле новага плану дапамогі
8- 21.04.2024, 8:07
- 22,672
Амерыканскія вайскоўцы гатовыя.
Пентагону спатрэбіцца менш за тыдзень, каб даставіць першую частку вайсковай дапамогі ад Злучаных Штатаў украінскім байцам. Цяпер чакаюць толькі галасавання ў Сенаце, якое на наступным тыдні павінна адобрыць пастанову Палаты прадстаўнікоў.
Аб гэтым піша Washington Post, спасылаючыся на прадстаўнікоў Міністэрства абароны і Дзярждэпа ЗША.
Хоць наперадзе яшчэ галасаванне ў Сенаце, нечаканасцяў чыноўнікі не прадбачаць, яны ўпэўненыя, што адпаведныя законапраекты будуць прынятыя.
Са слоў прадстаўнікоў Пентагона, прынамсі, частка вайсковай дапамогі для Украіны ўжо гатовая для адпраўкі.
Хоць спікер Мінабароны генерал-маёр Патрык Райдэр адмовіўся ад якіх-небудзь каментароў, выданне мяркуе, што ў першую чаргу ва Украіну будуць адпраўленыя сістэмы і боепрыпасы супрацьпаветранай абароны, бо менавіта аб неабходнасці СПА апошнім часам казаў прэзідэнт Украіны.
Таксама ўжо гатовыя да адпраўкі ва Украіну боепрыпасы для артылерыі, "уключаючы 155-мм набоі, і боепрыпасы для рэактыўнай артылерыі сярэдняй далёкасці".
Нагадаем, Палата прадстаўнікоў Кангрэса ЗША 20 красавіка правяла галасаванне аб далейшым наданні дапамогі Украіне і падтрымала адпаведны законапраект.
Дакумент прадугледжвае фінансаванне ў суме 60, 8 мільярдаў даляраў на дапамогу Украіне.
Пасля галасавання ў Палаце прадстаўнікоў законапраекту яшчэ трэба прайсці Сенат (два галасаванні, яны прызначаныя на 23 красавіка). Пасля гэтага яго дашлюць на подпіс прэзідэнту ЗША Джо Байдэну.