20 траўня 2024, панядзелак, 15:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуса, які арганізаваў напад на паплечніка Навальнага, затрымалі дзякуючы расследаванню Хрыста Грозева

1
Беларуса, які арганізаваў напад на паплечніка Навальнага, затрымалі дзякуючы расследаванню Хрыста Грозева

Сталі вядомыя падрабязнасці аперацыі.

Затрыманы арганізатар нападу на Леаніда Волкава, заявіў 19 красавіка прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск, перадае meduza.io.

Паводле ягоных слоў, гэта "беларус, які працуе на расейцаў, які замовіў двум палякам забойства паплечніка Навальнага". Таксама, заявіў Туск, затрыманыя двое падазраваных у нападзе, гэта грамадзяне Польшчы. Сцвярджаецца, што яны "звязаны з коламі футбольных фанатаў ультрас".

Падазраваных перададуць Літве пасля заканчэння разбору, паведаміў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа на прэс-канферэнцыі раніцай 19 красавіка. Асобы затрыманых Наўседа не раскрыў.

Леанід Волкаў, каментуючы заяву прэзідэнта Літвы, сказаў, што не ведае ніякіх іншых падрабязнасцей. "Але магу сказаць: я бачыў, як энергічна і настойліва працавала літоўская паліцыя на працягу апошняга месяца ў гэтай справе, і вельмі рады, што гэтая праца была дзейснай", — напісаў ён у сацсетцы Х.

Волкаў падзякаваў праваахоўным органам Літвы і Польшчы за праведзеную працу. Словы Дональда Туска Волкаў на момант публікацыі гэтай нататкі не каментаваў.

На падазраваных у нападзе выйшлі дзякуючы расследаванню, якое вялі журналісты The Insider Раман Дабрахотаў і ХрыстаГрозеў. Як гаворыцца ў расследаванні выдання, журналісты перадалі польскім праваахоўным органам інфармацыю аб грамадзяніне Польшчы, які, паводле іх звестак, пагражаў расейскаму эканамісту і актывісту Максіму Міронаву і напаў на ягоную жонку ў Аргенціне.

Са звестак The Insider, Міронаву пагражалі ў Буэнас-Айрэсе 31 жніўня 2023 года. У той дзень у дамафон эканаміста патэлефанаваў мужчына, які па-ангельску заклікаў яго "трымацца далей ад Расеі". На наступны дзень, калі жонка эканаміста Аляксандра Петрачкова ішла дадому з 10-месячным дзіцем, на яе напаў мужчына: ён ударыў яе па твары і таксама запатрабаваў "трымацца далей ад Расеі". Затым нападнік уцёк. Міронаў звязаў напад і пагрозы з тым, што працаваў над дакладамі аб тым, як расейскія ўлады абыходзяць санкцыі.

Паліцыя Буэнас-Айраса праз камеры сачэння ўстанавіла нападніка, а журналісты знайшлі яго праз пошук выяў. Ім быў 38-гадовы Гжэгаж Дашкоўскі (Grzegorz Daszkowski) з горада Быдгашч. Як высветлілі журналісты, ён прыляцеў у Аргенціну 30 жніўня рэйсам Air France з Парыжа і паляцеў 5 верасня, назад у Парыж. Паводле інфармацыі The Insider, Дашкоўскі займаецца арганізацыяй спартыўных спаборніцтваў і карпаратываў. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання войскаў РФ ва Украіну Дашкоўскі ініцыяваў збор дапамогі Украіне: ён казаў у інтэрв'ю польскай радыёстанцыі, што збіраецца адвезці сабраныя рэчы пацярпелым, але, паводле памежнай базы звестак, мяжу з Украінай не перасякаў.

Пасля звароту журналістаў паліцыя Польшчы затрымала падазраванага ў нападзе ў Аргенціне. Паводле інфармацыі The Insider, польскія следчыя вывучылі сувязі Дашкоўскага і выйшлі на яго куратара, грамадзяніна Беларусі, якога таксама затрымалі. Куратар Дашкоўскага, піша выданне, "быў звязаны з двума іншымі польскімі бандытамі", якія прыехалі ў Літву якраз у той час, калі напалі на Леаніда Волкава. Нападнікаў на Волкава затрымалі пасля таго, як паліцыя Польшчы перадала інфармацыю Літве.

The Insider сцвярджае, што перад нападамі за Волкавым і сям'ёй Міронава сачылі расейскія спецслужбы. Польскіх злачынцаў, як піша выданне, прыцягнулі толькі як выканаўцаў; яны прыязджалі ў краіну непасрэдна перад нападамі. Падобным чынам, адзначае выданне, расейскія спецслужбы дзейнічалі раней, пераследуючы непажаданых Маскве людзей у Еўропе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках