Польская паліцыя хоча браць на службу беларусаў
19- 18.04.2024, 18:39
- 13,232

Без польскага грамадзянства.
У паліцыі Польшчы прапануюць дазволіць браць на службу замежнікаў, у якіх няма польскага грамадзянства. Такім чынам маюць змагацца з хранічным кадравым голадам, які назіраецца ў праваахоўных органах Польшчы.
Паліцыю найперш цікавяць грамадзяне Беларусі, Украіны і Грузіі. У органах мяркуюць, што супрацоўнікі-замежнікі дапамогуць вызначыць спецыфіку злачыннасці ў асяроддзі іх суайчыннікаў, а таксама вызначыць культурныя асаблівасці пражывання ў Польшчы нацыянальных дыяспар, паведамляе RMF24.
У штабе польскай паліцыі думаюць, што праз прыток мігрантаў у сувязі з вайной ва Украіне структура крымінальнага свету ў краіне зменіцца. Іншаземцы, як мяркуецца, змогуць дапамагчы разабрацца ў новых рэаліях.
Разглядаецца магчымасць працаўладкавання замежнікаў як на штатныя пасады, так і на пасады кансультантаў. Пастаноў у гэтым пытанні пакуль не прынята, паліцыя будзе вывучаць замежны досвед.