Камбат УСУ: Расейцы пачалі выкарыстоўваць новую тактыку на Данбасе
1- 18.04.2024, 11:08
- 7,722

Украінскі камандзір ацаніў імавернасць маштабнага наступлення.
На Бахмуцкім кірунку ў акупантаў пакуль няма патрэбнай канцэнтрацыі сіл, каб правесці вялікі наступ.
Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Мы-Украіна" расказаў намеснік камандзіра батальёна 5-й асобнай штурмавой брыгады Узброеных сіл Украіны Аляксей Тарасенка.
Ён адзначыў, што вораг працягвае ціснуць невялікімі групамі, выкарыстоўваючы артылерыю, FPV-дроны і асобныя адзінкі бранятэхнікі.
"Цяпер відавочна няма канцэнтрацыі, неабходнай для вялікага наступу жывой сілы і тэхнікі", - распавёў Аляксей Тарасенка. Паводле ягоных слоў, падчас атак агрэсар выкарыстоўвае па адной баявой машыне пяхоты або па БМП і танку. Такім чынам, адзначыў ваяр, расейскае войска спрабуе ўклініцца ў нейкі слабакантраляваны адцінак, напрыклад недзе ў лесе, высадзіць там некалькі пяхотнікаў і спрабаваць прасоўвацца далей.
Нагадаем, расейцы з 4 красавіка атакуюць Часаў Яр ля Бахмута. Вораг спрабуе акупаваць горад з шэрагу прычын, якія дазваляюць яму атрымаць поспех у далейшым на фронце.