9 траўня 2024, Чацвер, 0:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША забаранілі імпарт расейскага алюмінію, медзі і нікелю

6
ЗША забаранілі імпарт расейскага алюмінію, медзі і нікелю

Вашынгтон і Лондан таксама забаранілі гандляваць гэтымі металамі на лонданскай і чыкагскай біржах.

Управа кантролю над замежнымі актывамі (OFAC) Мінфіна ЗША ўвяла забарону на імпарт алюмінію, медзі і нікелю расейскай вытворчасці, вынікае з паведамлення на сайце ўстановы.

Таксама амерыканскім кампаніям цяпер забаронена прапаноўваць паслугі ў набыцці гэтых металаў, ажыццяўляць іх экспарт, рээкспарт, продаж ці пастаўкі. Акрамя гэтага, Вашынгтон забараніў гарантыйныя паслугі ў набыцці расейскіх металаў на сусветнай біржы металаў. Па-ранейшаму дазволены імпарт алюмінію, нікелю і медзі расейскага паходжання, якія былі зробленыя да 13 красавіка 2024 года.

Праз санкцыі Лонданская біржа металаў (LME) і Чыкагская таварная біржа (СME) не змогуць папаўняць запасы алюмінію, медзі і нікелю за кошт паставак з Расеі, гаворыцца ў асобнай заяве амерыканскага Мінфіна. «Біржы металаў выконваюць цэнтральную ролю ў спрыянні гандлю прамысловымі металамі па ўсім свеце. Супольнымі дзеяннямі, ЗША і Вялікая Брытанія пазбаўляюць Расею і яе вытворцаў металаў важнай крыніцы прыбыткаў», – падкрэслілі ў міністэрстве.

ЗША ўжо практычна абнулілі імпарт расейскіх алюмінію, нікелю і медзі і вырабаў з іх. У 2023 годзе сумарны імпарт гэтых катэгорый склаў толькі $70 млн, у студзені – лютым 2024 года быў увезены толькі расейскі алюміній памерам $0,1 млн. Для параўнання: у 2021 годзе ЗША закупілі медзі і медных вырабаў з Расеі на суму $100 млн, нікелю і вырабаў з яго – на $ 158 млн, алюмінію і алюмініевых вырабаў – на $ 612 млн (звесткі дзяржстатыстыкі ЗША).

Амерыканскія біржы металаў павінны перастаць прымаць алюміній, медзь і нікель з Расеі, вырабленыя пасля 13 красавіка. Акрамя таго, амерыканскія асобы не павінны прапаноўваць паслугі, накіраваныя на набыццё гэтых расейскіх металаў з мэтай фізічнай пастаўкі ў рамках выканання вытворных інструментаў, а трэйдары ЗША не маюць права атрымліваць новы расейскі метал праз паставачныя апцыёны і ф'ючэрсы. Існыя запасы гэтых расейскіх металаў на біржах могуць прадаўжаць гандлявацца.

Як гаворыцца ў паведамленні ўраду Вялікай Брытаніі, расейскі экспарт металаў у 2022 годзе складаў $25 млрд, у 2023 годзе зменшыўся да $15 млрд «у сувязі з намаганнямі краінаў G7 і хаўруснікаў». Вялікая Брытанія забараніла імпарт расейскіх медзі, алюмінію, нікелю і шэрагу іншых металаў у снежні 2023 года. Цяпер Лонданская біржа металаў больш не зможа забяспечваць гандаль гэтымі металамі (акрамя існых запасаў).

На Расею прыпадае блізу 9% сусветнай вытворчасці нікелю, 5% алюмінію і 4% медзі. У лютым летась прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абвясціў пра ўвядзенне загараджальных мытаў на імпарт з Расеі больш як 100 найменняў прадукцыі, уключаючы металы, карысныя выкапні і прадукты хімічнай прамысловасці. З 10 сакавіка 2023 г. улады ЗША ўвялі мыту 200% на імпарт расейскага алюмінію і вырабаў з яго. Мыта на медзь і нікель падвоілася з 35 да 70%

Найбуйнейшы вытворца нікелю ў Расеі і ў свеце – «Нарнікелю». Паводле вынікаў 2022 года на Еўропу прыйшлося 47% продажаў кампаніі, яшчэ 15% – на Паўночную і Паўднёвую Амерыку, на Расею і СНД – 8%.

У ліку лідараў у вытворчасці алюмінію ў Расеі і ў свеце – кампанія UC Rusal, якая таксама не ўключаная ў санкцыйныя спісы ЗША. Кампанія з'яўляецца адзінай вытворцай першаснага алюмінію ў Расеі. Паводле вынікаў 2023 года кампанія павялічыла продажы алюмінію і сплаваў на 6,6%, да 4,153 млн т, вытворчасць алюмінію таксама вырасла на 0,3% і склала 3,85 млн т.

Найбуйнейшымі вытворцамі медзі ў Расеі з'яўляюцца «Нарнікель», «Уральская горна-металургічная кампанія» (УГМК), і «Расейская медная кампанія». Апошнія дзве ўжо знаходзяцца пад амерыканскімі санкцыямі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках