8 траўня 2024, Серада, 6:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ выходзіць з зімы з рэкордным аб'ёмам захаванага газу

ЕЗ выходзіць з зімы з рэкордным аб'ёмам захаванага газу

Газасховішчы запоўненыя больш як на 58 адсоткаў.

Газасховішчы краінаў Еўразвязу паводле звестак на 31 сакавіка, дату заканчэння зімовага ацяпляльнага сезону, былі запоўненыя больш як на 58 адсоткаў, што з'яўляецца рэкорднымі вясновымі паказнікамі «за ўсю гісторыю назіранняў». Пра гэта гаворыцца ў заяве камісаркі ў энэргетыцы ЕЗ Кадры Сімсан, апублікаванай на афіцыйным сайце Еўразвязу ў пятніцу, 12 красавіка.

«Еўропа выходзіць з другой зімы пасля незаконнага ўварвання Расеі ва Украіну. Нягледзячы на шматлікія асцярогі, мы сталі мацнейшыя, чым раней, з большай энэргетычнай бяспекай і салідарнасцю і з чысцейшай энэргетычнай структурай», – напісала камісарка, удакладніўшы, што такія высокія ўзроўні захоўвання сталі вынікам не толькі паспяховай дыверсіфікацыі паставак энэргіі, але і «намаганняў грамадзянаў і бізнэсу ў зніжэнні попыту на газ, а таксама нашых інвестыцый у аднаўляльныя крыніцы энэргіі – трох слупоў нашага плану REPowerEU».

Кадры Сімсан заклікала да далейшай падтрымкі як грамадзянаў Еўразвязу і прамысловасці, так і «нашых украінскіх сяброў». «Стварэнне энэргетычнай бяспекі і канкурэнтаздольнасці Еўропы, зніжэнне коштаў і прасоўванне пераходу да чыстай энэргетыкі застаюцца прыярытэтнымі задачамі», – гаворыцца ў тэксце заявы. Сімсан пацвердзіла, што кошты вярнуліся «на даваенны ўзровень», і «Еўропа можа з упэўненасцю пачаць папаўняць запасы газу да ацяпляльнага сезону наступнай зімой», заўважыўшы пры гэтым, што здольнасць ЕЗ спраўляцца з энэргетычным крызісам з'яўляецца прадметам гонару, аднак гэта не падстава для прыпынення намаганняў.

План REPowerEU, закліканы пакласці канец залежнасці краінаў Еўропы ад расейскага выкапнёвага паліва, Еўрапейская камісія прапанавала да разгляду ў сакавіку 2022 года, адразу пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Цягам 2022 года адбыўся шэраг надзвычайных заканадаўчых захадаў у галіне энэргетыкі, якія былі рэалізаваныя супольна дзяржавамі-чальцамі ЕЗ.

Пасля прыняцця плану REPowerEU дзель імпарту расейскага газу ў Еўропу знізілася з 45% у 2021 годзе да 24% у 2022 годзе і далей да 15% у 2023 годзе. Еўрапейцы скарацілі свой попыт на газ амаль на 20%, што дазволіла зэканоміць больш за 107 млрд куб. м газу за апошнія 18 месяцаў. Павелічэнне дзелі аднаўляльных крыніцаў энэргіі ў энэргабалансе дазволіла замяніць 24 млрд куб. м расейскага газу ў 2022 і 2023 гадах. «Дзякуючы гэтаму выкіды ад энэргетычнага сектару ў 2023 годзе скараціліся амаль на чвэрць, але пры гэтым эканоміка прадоўжыла свой рост», – гаворыцца ў заяве Кадры Сімсан.

«Пасля дасягнення піка на больш чым 300 еўра/МВтг у разгар ваеннай энэргетычнай палітыкі Расеі ў жніўні 2022 года, кошты газу ўпалі да даваеннага ўзроўню і са студзеня 2024 года ўвесь час знаходзіліся ніжэй за 30 еўра/МВтг», – прыводзіць звесткі камісарка ЕЗ.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках