16 траўня 2024, Чацвер, 7:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літва гатовая выкарыстоўваць войска для аховы мяжы з Беларуссю

3
Літва гатовая выкарыстоўваць войска для аховы мяжы з Беларуссю

Праз нелегальных мігрантаў.

У сувязі з тым, што апошнім часам у Польшчы зафіксаваны рост плыні нелегальных мігрантаў з Беларусі, міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце запэўнівае, што літоўскія ўстановы гатовыя адрэагаваць, паведамляе LRT.

«Хочам вас запэўніць, што Літва кантралюе сітуацыю, узровень пільнасці – самы высокі», – заявіла міністарка журналістам на прэс-канферэнцыі ў чацвер.

Яна расказала, што пры неабходнасці ў дапамогу памежнікам могуць быць задзейнічаныя вайскоўцы і супрацоўнікі іншых службаў. «Алгарытмы даўно гатовыя і настроеныя», – сказала Білатайце.

Паводле звестак Службы аховы дзяржмяжы Літвы (САДМЛ), напярэдадні ў Польшчу спрабавалі трапіць чатырыста пяцьдзясят нелегальных мігрантаў. Між тым на літоўскай мяжы развярнулі семярых замежнікаў.

Літоўскія памежнікі кажуць, што мігранты спрабавалі трапіць у Польшчу некалькімі групамі некалькі сотняў чалавек, паводзілі сябе агрэсіўна, і ім давялося звярнуцца па дапамогу да войска.

«Калегі здолелі паспяхова развязаць гэты канфлікт і не дапусціць пранікнення нелегальных мігрантаў», – паведаміў журналістам кіраўнік САДМЛ Рустамас Любаевас. – Парушэнне адбылося (...) на адрэзку мяжы, які яшчэ абсталюецца, уся інфраструктура там яшчэ не поўнасцю развітая, таму нелегальныя мігранты спрабавалі з ужываннем сілы прарвацца праз канцэрціну».

Паводле ягоных словаў, мігранты закідвалі памежнікаў камянямі і былі ўзброеныя самаробнымі інструментамі. Ахвяраў атрымалася не дапусціць.

Білатайце заявіла, што ў яе няма выведнай інфармацыі, што падобныя выпадкі парушэння мяжы могуць мець месца і паблізу літоўскай мяжы.

«Але з таго, што мы назіраем на мяжы з Польшчай, мы бачым тэндэнцыю, што калі гэтых асобаў не прапусцяць, застаецца рызыка таго, што гэтых асобаў могуць арганізавана штурхаць на нашу тэрыторыю або тэрыторыю Латвіі», – сказала міністарка.

Яна мяркуе, што з'яўленне групы мігрантаў на мяжы з Польшчай было арганізаванае беларускім рэжымам і памежнікамі.

Паводле словаў Любаеваса, міграцыйныя тэндэнцыі ў рэгіёне негатыўныя, але неабходнасці задзейнічаць літоўскае войска пакуль няма.

У Польшчы штодзень фіксуецца блізу двухсот пяцідзесяці спробаў перасячэння мяжы, а ў Літве такія спробы адзінкавыя.

Плынь мігрантаў ва ўсходнія краіны Еўразвязу з Беларусі пачалася ў 2021 годзе, і ў яе арганізацыі Захад абвінавачвае менскі рэжым.

За гэты перыяд літоўскія памежнікі развярнулі больш за 22 тысячы мігрантаў. Сёлета памежнікі папярэдзілі ўезд у Літву з Беларусі ў несанкцыянаваных месцах 160 нелегальных мігрантаў. Некаторыя замежнікі спрабавалі нелегальна перасячы мяжу не адзін раз.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках