16 траўня 2024, Чацвер, 19:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камароўскі рынак стаў бязлюдным

51
Камароўскі рынак стаў бязлюдным

Праз кошты?

Беларуска наведала Камароўскі рынак у Менску і зрабіла некалькі фота, якія размясціла ў групе «Менск — мой горад» у Facebook. Гандлёвы аб'ект быў бязлюдным, жанчына ўбачыла прычыну гэтага ў высокіх коштах, піша «Зеркало».

«Камароўскі рынак. 17.30. Звярніце ўвагу на кошты, і стане зразумела, чаму пустуюць прылаўкі», - напісала аўтарка фота ў групе.

Прадукты сапраўды будуць па кішэні не ўсім беларусам. Асабліва ўражваюць кошты свежай і перапрацаванай рыбы і рыбных прадуктаў: слоічак чырвонай ікры - 55-65 рублёў, кілаграм сёмгі слабасалёнай - 145 рублёў, сырое філе чавычы і ласося - 55,9 рубля за 1 кг.

Беларускае сала каштавала амаль 27 рублёў за кілаграм.

Кусаліся кошты садавіны і гародніны: адно авакада каштавала 7,9 рубля, адно манга - 35 рублёў, кілаграм чэры - амаль 25 рублёў, салодкі перац - ад 10 да 14,9 рубля за кілаграм.

Удзельнікі групы каментавалі фотафакт па-рознаму: нехта меркаваў, што няма людзей не праз тое, што кошты высокія, а таму што ў праваслаўных пост. Іншыя адзначалі, што не трэба набываць кілаграмамі, некаторыя прызнавалі, што на набыцці прадуктаў на Камароўцы сэканоміць не атрымаецца. Вось некаторыя меркаванні:

«Прылаўкі не пустуюць, яны поўныя. І людзі заўсёды ёсць на Камароўцы. Проста да 4 траўня пост, напэўна, калі вы не ў курсе. Што ж вы ўсё негатыў шукаеце ўвесь час? Не хадзіце на Камароўку, калі вас жаба душыць. І так, заўсёды можна набыць не кілаграм мяса/сала/каўбасы, а грам 100».

«Там на сёння даражэй, чым у супермаркетах, гэта дакладна. Жыву побач з Камароўкай, там танней чай, кава і не больш. Нават туалетная папера і папяровыя ручнікі ў іх даражэйшыя, чым у „Міле“, не кажучы ўжо пра FixPrice».

«Малочныя прадукты таннейшыя, усе сыры, тварог і масла. Таннейшыя субпрадукты, пры куплі мяса таксама можна патаргавацца. Стэйкі ці бараніну вы таксама ў крамах не заўсёды знойдзеце. Свойскія куры».

«Я прыходжу на Камароўскі рынак па ялавічны абрэз для сабак (два кіло бяру на месяц) і яйкі (тры дзясяткі). Шмат гадоў купляю ў адных і тых жа прадаўцоў. Не варта так нападаць на чалавека, гэта ж яго меркаванне. А кошты і сапраўды дзіўныя, не ўсім па кішэні».

«У большасці коштаў Камароўка ўжо даўно ператварылася ў элітны гандлёвы аб'ект».

«Я шмат гадоў працавала каля Камароўкі. Дык вось, каб купіць там свежую курыцу, качку і далей па спісе, трэба валодаць хамствам і нахабствам базарнай гандляркі. Інакш абыдуцца груба, падсунуць дрэнь і скажуць, што так і павінна быць».

«Рынкі ў нас даўно перасталі быць рынкамі. На рынках прынята таргавацца, размаўляць. Рынак - гэта атмасфера, свежыя прадукты. А ў нас гэта крама з кірмашовымі цёткамі за прылаўкам. І кошты часта неапраўдана завышаныя. На рынках павінны гаспадарыць прыватнікі. І абраць не даюць самому гародніну-садавіну, і заўсёды якую-небудзь гнілату падкладуць у адрозненне ад супермаркета, а кошты такія ж».

«Кошты вышэйшыя, чым у Галандыі».

«Прапанова значна перавышае попыт».

«Цікава, а па ўзроўні заробкаў усе могуць філе ласося кожны тыдзень сабе дазволіць? У прынцыпе, я так і думаў, што на філе ласося многія скрозь вітрыну толькі і глядзяць».

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках