9 траўня 2024, Чацвер, 3:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашысты б'юць трывогу

7
Лукашысты б'юць трывогу

У галіны, якая цяпер «нясе залатыя яйкі», - сур'ёзныя праблемы.

Пасля разбору Аляксандрам Лукашэнкам сітуацыі ў прамысловасці ў Мінэканомікі расказалі аб праблемах у галіне і агучылі сваё бачанне выхаду ў некаторых кірунках. Аб гэтым піша прэс-служба ведамства.

Падчас круглага стала намесніца міністра эканомікі Марыя Мажынская адзначыла, што летась прамысловасць сфармавала амаль траціну ВУП краіны і блізу 80 адсоткаў экспарту тавараў. Рост прамысловай вытворчасці летась быў на 7,7 адсотка. Асноўнымі драйверамі чыноўніца назвала высокі попыт на беларускія тавары ў Расеі з прычыны сыходу з гэтага рынку заходніх кампаній і поспехі нафтахімічных прадпрыемстваў, якія змаглі нарасціць продажы ў далёкае замежжа.

- Але гэтыя драйверы - не заклад паспяховага доўгатэрміновага развіцця прамысловасці і беларускай эканомікі агулам. Яны не змогуць забяспечыць тэхналагічны суверэнітэт краіны, - заявіла Марыя Мажынская. - Ужо зараз мы сутыкнуліся з шэрагам выклікаў, якія стрымліваюць рост вытворчасці.

Адным з іх чыноўніца назвала слабую прапрацоўку інвестыцыйных ідэй. "Неабходна больш шчыльнае супрацоўніцтва дзяржорганаў і прадпрыемстваў з навуковай супольнасцю для генерацыі прарыўных, маштабных праектаў для стварэння новых тэхналогій і прадуктаў", - мяркуюць у Мінэканомікі.

Другім выклікам Марыя Мажынская назвала недастатковае выкарыстанне патэнцыялу росту рынку ЕЭАС. Яна прапанавала актывізаваць узаемадзеянне з расейскімі дзяржкарпарацыямі і асацыяцыямі, а таксама ўбудоўвацца ў кітайскія кааперацыйныя ланцужкі, каб "уключацца ў глабальную эканоміку".

Прадстаўніца Мінэканомікі заўважыла, што сусветная індустрыя перажывае этап трансфармацыі бізнэс-мадэлі ад вытворчасці тавараў да вытворчасці паслуг. І прапанавала стварэнне сеткі комплексных сэрвісных цэнтраў для беларускай прамысловай прадукцыі.

Найважнейшым прыярытэтам для беларускіх вытворцаў Марыя Мажынская бачыць забеспячэнне імпартанезалежнасці, найперш, за кошт павелічэння лакалізацыі.

Як правіла, Мінэканомікі імкнецца бачыць пазітыў у сітуацыі ў эканоміцы.

Нагадаем, паводле вынікаў студзеня-лютага гэтага года ключавым драйверам росту стала прамысловасць. «Забяспечыла блізу паловы ўсяго прыросту ВУП. Аб'ём выпуску прамысловай прадукцыі вырас на 7,1% гадавых за студзень-люты пасля 5,4% гадавых за студзень», - адзначалі раней экспэрты ЕАБР.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках