Замкнёнае кола: эканаміст тлумачыць «танцы з бубнам» вакол бязмытнага ўвозу тавараў
6- 31.03.2024, 11:27
- 9,336
Улады апынуліся перад дылемай.
З 1 красавіка 2024 года парог бязмытнага ўвозу тавараў у Беларусь, хутчэй за ўсё, панізіцца. Роўна як і ў Арменію, Казахстан, Кыргызстан і Расею, якія ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз.
Раней у гэтыя краіны бязмытна можна было ўвозіць тавары для асабістага карыстання на суму €1000 - гэты парог дзейнічаў з 2022 года і некалькі разоў падаўжаўся, цяпер - усяго на €200 у выглядзе міжнародных пасылак, і на €500 - наземным транспартам. Без змен застануцца толькі авіяперавозкі.
Нагадаем, што танцы з бубнам вакол бязмытнага ўвозу тавараў ідуць даволі доўга. Так, да 2019 года парог складаў тыя ж 1000 еўраў і 31 кілаграм, потым яго паступова зніжалі да 200 еўраў, затым зноў павысілі, у якасці часовага захаду барацьбы з дэфіцытам і адказу на санкцыі.
Чаму ўвогуле нельга скасаваць гэтыя абмежаванні, устанавіўшы, да прыкладу, для пакупак у замежных інтэрнэт-крамах мытныя падаткі і ПДВ у суме 5-15%, калі такі варыянт абмяркоўваецца ўжо даўно?
І як паўплывае зніжэнне лімітаў на беларусаў: паменшыцца асартымент імпартных тавараў, вырастуць іх кошты і воляй-няволяй давядзецца «купляць беларускае» — ці айчынныя вытворцы актывізуюць імпартазамяшчэнне, і дэфіцыту не здарыцца?
- Адмовіцца ад парога бязмытнага ўвозу імпартных тавараў - гэта будзе вельмі жорстка ў дачыненні да айчынных вытворцаў, - тлумачыць у каментары «Филину» эканамістка Аліса Рыжычэнка, праз што бязмытны парог нельга проста «ўзяць і скасаваць».
- На сёння многія вытворцы знаходзяцца ў вельмі цяжкім становішчы і не ў стане выплачваць ні заробак, ні свае крэдытныя абавязацельствы без падтрымкі дзяржавы - узяць, напрыклад, той жа беларускі легпрам.
Вядома, мы бачылі ўжо шмат захадаў для падтрымкі айчынных вытворцаў. Але ўсе гэтыя захады ніяк не стымулююць, як хацелася б таго беларускім і расейскім чыноўнікам, павышэнне попыту на айчынныя тавары.
І таму скасаванне бязмытнага парога або яго зніжэнне акурат накіраваныя на тое, каб павялічыць попыт або падтрымаць мясцовыя вытворцаў.
Але пры гэтым праблема ў іншым, дадае эканаміст: імпартазамяшчэнне не дасягнула таго ўзроўню, які неабходны, каб не ўзнік дэфіцыт пэўных тавараў на паліцах крамаў. Напрыклад, для Беларусі гэта пытанне актуальнае для бытавой хіміі, аўтазапчастак — гэтыя тавары проста не вырабляюцца ў нас у краіне ў той колькасці і асартыменце, каб цалкам сябе імі забяспечваць і не завозіць імпартнае.
- І калі з 1 красавіка бязмятны парог знізяць, мы прыйдзем вось да чаго: мала таго, што вырасце попыт на гэтыя тавары, разам з ім вырасце і кошт. Гэта значыць, у кожным выпадку гэта негатыўна адаб'ецца на пакупніках.
- Гэта значыць, калі дзейныя цяпер ліміты не падоўжаць, то цалкам магчымы хай не дэфіцыт, але як мінімум памяншэнне асартыменту і рост коштаў імпарту.
- Так, менавіта так. І нават калі прамысловасць з усіх сіл будзе імкнуцца замясціць недахоп імпарту мясцовымі таварамі, то праблема ў тым, што ўсе праграмы імпартазамяшчэння, пра якія гавораць чыноўнікі, завязаныя на імпарт.
Так ці інакш, імпартазамяшчальныя прадпрыемствы ў Беларусі закупляюць за мяжой нейкія прамежкавыя тавары: запчасткі, камплектуючыя, сыравіну ці яшчэ нешта, - і ўжо пасля гэтага вырабляюць, так бы мовіць, «айчыннае». Гэта значыць, мы ўсё адно залежым ад імпарту, і гэтыя тавары не танныя, не могуць быць апрыёры таннымі, бо змяшчаюць імпартныя рэсурсы і кампаненты.
А значыць, яны вельмі моцна саступаюць у кошце імпартным таварам. І калі на паліцах крамаў шмат імпарту, шырокі асартымент, людзям ёсць, што выбраць, пагатоў, па цане ніжэйшай, чым на беларускія тавары — вядома, выбар і перавагу пакупнікі аддаюць больш імпарту.
А ўсе намаганні, крэдыты, інвестыцыйныя грошы, накіраваныя ў гэтыя так званыя імпартазамяшчальныя праекты, проста не працуюць.
— Атрымліваецца такое замкнёнае кола: урэзаць бязмытныя ліміты — дрэнна, будзе рост кошту імпарту і праблемы ў прадпрыемстваў, якім патрэбныя імпартная сыравіна і камплектуючыя для працы, пакінуць як ёсць — таксама дрэнна, айчынныя вытворцы не вытрымліваюць канкурэнцыю з больш танным імпартам?
- Так. Калі мы скароцім імпарт, мы не зможам вырабляць нармальную прадукцыю, а калі не скароцім - то імпарт запаланіць паліцы крам і людзі будуць аддаваць перавагу яму.
Але асноўная праблема - не ў тым, каб змяняць парог бязмытнага ўвозу, праблема ў тым, каб змяняць у прынцыпе структуру і сістэму імпартазамяшчэння як такога.
Тое, што беларускія чыноўнікі называюць імпартазамяшчэннем, зараз па факце такім не з'яўляецца. У нас няма тэхналогій для таго, каб вырабляць пэўную камплектацыю (гэта датычыцца многіх прамысловых прадпрыемстваў).
Пакуль, на сёння, ні ў Беларусі, ні ў Расеі няма магчымасці перайсці на поўнае імпартазамяшчэнне для таго, каб самім насыціць унутраны попыт і адмовіцца ад імпартных тавараў, забяспечыўшы належны асартымент айчынных.