14 траўня 2024, aўторак, 9:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NATO адкрыла наступ на адвечную зону ўплыву Расеі

11
NATO адкрыла наступ на адвечную зону ўплыву Расеі

Крэмль заявіў аб "другім фронце".

Візіт на Паўднёвы Каўказ генеральнага сакратара NATO Енса Столтэнбэрга павінен быў бы быць звычайнай падзеяй. Але на фоне паслявыбарных заяў расейскага дыктатара Пуціна пра магчымую вайну з NATO гэтае падарожжа выглядае пэўным здзекам. Маўляў, ты можаш казаць што хочаш, а ў нас паводле плану "прыязны візіт" на тэрыторыі, якія ты лічыш зонай уласных інтарэсаў. І яны будуць толькі маштабавацца.

Заслугоўвае ўвагі і той факт, што папярэдні такі візіт быў дастаткова даўно. За гэты час на Каўказе адбыліся важныя падзеі, за якімі пільна назіралі ў тым ліку і ў NATO. Бо Чорнае мора важнае з пункту гледжання стратэгіі бяспекі Альянсу.

Столтэнбэрг наведаў усё больш самастойны Азербайджан, дзе пагаварыў аб пастаўках прыроднага газу, Грузію, дзе паабяцаў падтрымку на шляху ўступлення ў Альянс, і Арменію, якую падтрымаў у імкненні да вызвалення ад расейскага ўплыву.

Візіт не з'яўляецца проста эпізодам. Стратэгія ўзаемадзеяння з трыма дзяржавамі была прадстаўленая нядаўна ў Брусэлі ў справаздачы блока за 2023 год. У раздзеле наконт Паўднёвага Каўказа адзначаецца, што NATO працягвае актыўную дзейнасць для ўзаемадзеяння з гэтымі краінамі "і выказвае падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці, палітычнай незалежнасці і суверэнітэту кожнага з партнёраў".

Аб тым, як NATO ўсё больш актыўна заходзіць на спрадвечную тэрыторыю расейскіх інтарэсаў, гаворыцца ў матэрыяле OBOZ.UA.

Азербайджан - у NATO праз Турцыю

Азербайджан удзельнічае ў руху недалучэння (створаны яшчэ падчас халоднай вайны, каб пазбегнуць прыцягнення да супрацьстаяння блокаў). Таму чакаць нейкага вялікага прарыву ў бок NATO найбліжэйшым часам наўрад ці варта. Тым больш што Азербайджан сёння і так добра прыкрыты “парасонам сяброўства” NATOўскай Турцыі.

Сёння Баку ў пэўнай ступені супрацоўнічае з Паўночнаатлантычным альянсам, прымаючы ўдзел у двухбаковай праграме NATO "Партнёрства дзеля міру". Таксама для Азербайджана ёсць план дзеянняў індывідуальнага партнёрства, у ім агавораны дэталі ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Адзначыўшы ролю Азербайджана ў забеспячэнні энэргетычнай бяспекі і развіцці “найшчыльнейшых сувязяў з некалькімі чальцамі NATO” (прамы намёк на турак), генеральны сакратар Альянсу заклікаў “працягваць намаганні”, накіраваныя на мірнае развязанне канфлікту з Арменіяй.

Грузія: народ - за, а ўлада - супраць

У Грузіі сітуацыя ў дачыненні да NATO развіваецца значна цікавей і больш актыўна. Грузінскі народ пераважна за ўступленне ў блок, а вось цяперашняя ўлада - супраць.

Краіна афіцыйна задалася мэтай уступлення ў Альянс. У студзені 2008 года прайшоў рэферэндум, на якім больш за 70% грузінаў выказаліся за ўступленне ў арганізацыю. Аднак пасля прыходу да ўлады "Грузінскай мары" гэты рух значна запаволіўся. Затое адбылася актывізацыя стасункаў з Расеяй.

Так, Грузія з пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну адмаўляецца ўводзіць санкцыі супраць Расеі і дапамагаць Украіне зброяй. Сёння агрэсар можа праз грузінскую тэрыторыю атрымліваць тавары падвойнага прызначэння. У 2023 годзе РФ скасавала візавы рэжым для грамадзян Грузіі, а таксама забарону на паветраныя перавозкі ў Грузію, якая дзейнічала з чэрвеня 2019 года. У МЗС Украіны заявілі, што такая пастанова – “палітычная кампенсацыя” за адмову Грузіі ўвесці новыя санкцыі супраць РФ.

У Грузіі Столтэнбэрг сустрэўся з празаходнім прэзідэнтам краіны Саламе Зурабішвілі і прэм'ер-міністрам Іракліем Кабахідзэ, які, наадварот, вядомы антызаходняй рыторыкай. Раней ён абвінавачваў Украіну ў спробе развязаць вайну на грузінскай тэрыторыі, а да гэтага казаў, што краіны ЕЗ і ЗША спрабуюць уцягнуць грузінаў у расейска-ўкраінскую вайну.

У справаздачы NATO за 2023 год гаворыцца, што Грузія з'яўляецца адным з найбліжэйшых партнёраў NATO і прэтэндэнтам на сяброўства ў блоку. Але на гэтым этапе, згодна з дакументам, што да Грузіі можа ісці размова толькі аб дапамозе ва ўмацаванні абараназдольнасці краіны.

Арменія – яшчэ далей ад РФ

Пасля многіх гадоў "братэрскай дапамогі" армяне прызналі - залежнасць ад Расеі была стратэгічнай памылкай. Менавіта таму цяперашняя Арменія з прычыны рэзкага пагаршэння яе стасункаў з Расеяй відавочна цікавіць NATO. Прэм'ер краіны Нікол Пашынян таксама дае зразумець, што Ерэван зацікаўлены ў паглыбленні супрацоўніцтва з Альянсам.

Найбольш цікавым момантам з'яўляецца тое, што Арменія бярэ ўдзел у Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), дзе пануе і вызначае ўсё Расея. Канчаткова армянскаму грамадству стала зразумела, што Расея ім відавочна не супольнік, пасля падзей 2023 года, калі ваенная аперацыя Азербайджана 19-20 верасня прывяла да капітуляцыі непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі пры поўнай бяздзейнасці расейскіх міратворцаў, на якіх Арменя ўскладала надзеі. Пасля гэтага Пашынян заявіў, што Ерэван замарожвае сваё сяброўства ў АДКБ і можа выйсці з арганізацыі.

На гэтым фоне пачаліся дыскусіі аб неабходнасці вывядзення расейскіх памежнікаў са сталічнага аэрапорта. Таксама ўлады Арменіі заяўляюць, што не бачаць ніякіх пераваг у прысутнасці вайсковых баз РФ на тэрыторыі краіны, бо міратворчая місія няўдалая. Намякаючы, што расейцам пара "браць свае шынялі і ісці дадому".

Цяпер Ерэван разглядае магчымасць укаранення стандартаў NATO ва ўласную вайсковую адукацыю. Акрамя таго, абмяркоўваецца ўдзел армянскіх вайскоўцаў у вучэннях Альянсу, узаемадзеянне ў выведцы, а таксама мадэрнізацыя армянскай сістэмы СПА шляхам укаранення тэхнікі і праграм краін NATO.

Індывідуальная праграма супрацоўніцтва Арменіі з Альянсам разам з нядаўняй рэзалюцыяй Еўрапарламента, які заклікаў улады ЕЗ пачаць працу для надання краіне статусу кандыдата на сяброўства ў Еўразвязе, відавочна не падабаюцца Пуціну.

Расея зноў гаворыць аб другім фронце

У Крамлі чакана зладзілі істэрыку. Пачаліся заявы аб спробах Паўночнаатлантычнага альянсу замацавацца на Каўказе ўжо сёння і пагрозы нестабільнасці ў рэгіёне.

"Ёсць задача-максімум, а менавіта - адкрыць у Закаўказзі "другі фронт" супраць нашай краіны і наогул "падпаліць" зноўку рэгіён", - заявіла на брыфінгу афіцыйная прадстаўніца расейскага МЗС Марыя Захарава.

Пры гэтым раней у расейскім МЗС ужо анансавалі "другі фронт" супраць Расеі на Каўказе. Яго плануюць адкрыць у ЗША.

"У Вашынгтоне даўно не хаваюць, што разглядаюць Паўднёвы Каўказ як плацдарм для адкрыцця "другога фронту" супраць Расеі", – адзначаў у снежні 2023 года намеснік міністра замежных спраў Галузін.

Каўказ выклікае вялікую цікавасць у NATO

“Чаму сёння менавіта Каўказ прыцягвае ўвагу? Бо Грузія з'яўляецца партнёрам NATO з пашыранымі магчымасцямі. У Арменіі адбываюцца змены, якія адкрыта раздражняюць Маскву і сведчаць аб тым, што краіна можа зрабіць рашучы крок насустрач Захаду. Яшчэ адна прычына - скончылася вайна ў Карабаху, але мірнае пагадненне пакуль не падпісанае. Усе гэтыя чыннікі выклікаюць цікавасць з боку NATO” - такое меркаванне ў эксклюзіўным каментары OBOZ.UA выказаў украінскі дыпламат Ігар Далгоў, які ўзначальваў Місію Украіны пры NATO, намеснік міністра замежных спраў Украіны і намеснік міністра абароны Украіны ў пытаннях еўрапейскай інтэграцыі.

«У цяперашніх умовах гэты візіт важны для развіцця партнёрства і падкрэслівае, што для NATO рэгіён Чорнага мора застаецца ў поле зроку.

Грузія не проста так з'яўляецца партнёрам NATO з асаблівымі магчымасцямі. Краіна актыўна ўдзельнічала ў аперацыі ў Афганістане, і колькасць грузінскага кантынгенту была вельмі прыкметнай. З іншага боку, тэрыторыя Грузіі часткова застаецца акупаванай. І з гэтага пункту гледжання Грузія таксама з'яўляецца аб'ектам увагі з боку NATO. Тым больш у канцы мінулага года з'явілася паведамленне аб тым, што расейцы збіраюцца мадэрнізаваць порт у Абхазіі, гэта значыць на акупаванай расейцамі грузінскай тэрыторыі.

У той жа час Грузія не працягвае пакуль будаўніцтва свайго глыбакаводнага порта Анаклія, які таксама важны з пункту гледжання стратэгіі бяспекі Чарнаморскага рэгіёна.

Арменія зрабіла некалькі важных крокаў ад Масквы і ў кірунку Захаду. Адзін з іх - заява аб магчымым выхадзе з АДКБ, памяншэнні расейскай вайсковай прысутнасці і паглыбленні супрацоўніцтва з ЕЗ. Таму гэта таксама цікавіць NATO.

Візіт у Азербайджан важны з пункту гледжання вайны ў Нагорным Карабаху, якая мае патрэбу ў нармалізацыі шляхам падпісання пагаднення паміж Азербайджанам і Арменіяй. Але гаворка пакуль пра гэта не ідзе. Акрамя таго, Азербайджан развівае магутнае эканамічнае супрацоўніцтва з суседняй і брацкай для іх Турцыяй, якая з'яўляецца чальцом NATO. Такім чынам, тут таксама прысутнічае вялікую цікавасць”, - адзначыў Ігар Далгоў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках