27 красавiка 2024, Субота, 19:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якія краіны Азіі зблізіліся з Кіевам і аддаліліся ад Масквы

Якія краіны Азіі зблізіліся з Кіевам і аддаліліся ад Масквы

Разбор.

ЗША і Японія плануюць найбуйнейшае за больш за 60 гадоў абнаўленне дамовы аб бяспецы, паведамляе Financial Times. Хаўруснікі хочуць умацаваць свае сувязі, каб адказаць на ўзрастаючую пагрозу з боку Кітая, якая патрабуе ад іх вайскоўцаў супрацоўніцтва і больш зладжанага планавання, асабліва ў крызісных сітуацыях, такіх як патэнцыйны канфлікт на Тайвані.

Акрамя таго, ЗША і Паўднёвая Карэя стварылі групу для блакавання паставак расейскай нафты ў КНДР. Як краіны Азіі спрабуюць аслабіць уплыў Расеі ў рэгіёне і чым гатовыя падтрымаць Украіну - у матэрыяле FREEДОМ.

З пачаткам поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны стасункі паміж Токіё і Масквой сталі імкліва пагаршацца. Японія далучылася да санкцый супраць РФ і адмовілася ад часткі расейскай сыравіны, а таксама прызнала Расею галоўнай пагрозай бяспецы ў Еўропе.

Аднак, Японія пакуль не перадае смяротнае ўзбраенне Украіне. У краіне дзейнічае, так званая, «пацыфісцкая» канстытуцыя, якая забараняе ўсякі ўдзел у войнах.

У снежні 2023 года ўлады Японіі скасавалі забарону на экспарт узбраенняў, каб адправіць у ЗША партыю ракет для сістэм СПА Patriot. СМІ паведамлялі, што Токіё папоўніць запасы ракет для ЗША, каб тыя, у сваю чаргу, змаглі перадаць зенітныя набоі Украіне.

- У Японіі разумеюць, што Украіна з'яўляецца свайго кшталту ўзорам. Калі Расеі ўдасца акупаваць Украіну і замацавацца, а сусветная супольнасць гэта прыме, то будзе дзейнічаць прынцып даміно: Кітай захопіць Тайвань, а Тайвань - гэта ідэальны плацдарм для нападу на Японію. Таму ў Японіі бачаць наўпроставую пагрозу для сваіх уласных тэрыторый, - адзначыў япаніст Канстанцін Яўцееў у каментары выданню «Сибирь.Реалии».

Як сцвярджаюць эксперты, краіны Азіі, хоць і падтрымліваюць барацьбу Украіны супраць агрэсара, больш схільныя дапамагаць дыпламатычна і фінансава.

Са слоў аналітыкаў, такое можна назіраць і на прыкладзе яшчэ аднаго хаўрусніка ЗША ў рэгіёне - Паўднёвай Карэі. Паколькі не варта забываць аб уплыве ўнутранай кан'юнктуры на пазіцыю наконт падтрымкі Украіны.

- Казаць аб тым, што Паўднёвая Карэя - гэта наш хаўруснік, нам дазваляе не падтрымка з боку грамадскасці. Гэта абумоўленае агульнай замежнапалітычнай лініяй кіраўніцтва, якую яны ладзяць. Бо яны маюць свае геапалітычныя інтарэсы. Пры ўладзе цяпер знаходзяцца кансерватары, якія, традыцыйна, ідуць у фарватары замежнай палітыкі ЗША і гэтым шмат у чым тлумачыцца падтрымка Украіны з боку кіраўніцтва, - растлумачыла галоўная кансультантка Нацыянальнага інстытута стратэгічных даследаванняў Аліна Грыцэнка.

Акрамя падтрымкі Украіны, Паўднёвая Карэя таксама змагаецца з расейскім уплывам у рэгіёне. Сеул супольна з Вашынгтонам заснаваў групу, якая закліканая прадухіліць пастаўкі расейскай нафты ў КНДР.

Эксперты сцвярджаюць, што становішча Паўночнай Карэі, як краіны-ізгоя з ядзернай зброяй, змушае дзяржавы рэгіёна шукаць новыя падыходы да дыялогу з ёй.

Аналітыкі таксама акцэнтуюць, што менавіта паўночнакарэйскі фактар здольны дыпламатычна зблізіць краіны Азіі з Кіевам і аддаліць ад Масквы. Напрыклад, размова аб шасцібаковым фармаце перамоваў па ядзернай праграме КНДР.

- На сёння ўжо становіцца зразумела, што ўдзел Расеі ў гэтым шматбаковым дыялогу абсалютна бессэнсоўны. Таму трэба будзе прыдумаць новы фармат. Магчыма, што ў іх можа паўдзельнічаць Украіна. Таму што Украіна - краіна якая, па-першае, можа прапанаваць палітычную і дыпламатычную падтрымку асноўным сваім хаўрусніккам. А па-другое - мае поўнае права ўдзельнічаць у такога кшталту дыялогу таму, што мае досвед супрацьстаяння краіне з ядзерным узбраеннем, - кажа Аліна Грыцэнка.

Паводле звестак Інстытута даследаванняў Паўднёва-Усходняй Азіі, уплыў Расеі падае і ў В'етнаме. Ханой занепакоены тым, што ў выніку росту залежнасці РФ ад Кітая Пекін можа выкарыстоўваць свой уплыў на Маскву для падрыву в'етнамскіх інтарэсаў. А Расея мае значную долю ў нафтагазавым сектары В'етнама.

Са слоў аналітыкаў інстытута, умацаванне кітайска-расейскай стратэгічнай сувязі стварае праблемы для В'етнама і служыць дадатковым стымулам для Ханоя знізіць залежнасць ад Расейскай Федэрацыі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках