Уладзімір Арлоў: Шматвяковая і агульная для літоўцаў і беларусаў гісторыя — магутная зброя супраць «русского мира»
18- 23.03.2024, 17:05
- 2,768
22 сакавіка ў Вiльнi адбылася сустрэча з вядомым беларускiм пісьменнікам.
Віленская сустрэча з пісьменнікам Уладзімірам Арловым усё ж адбылася ўвечары 22 сакавіка. Гэтым разам, як і ў Коўне напярэдадні, вечарыну наведалі літоўскія госці, у тым ліку тыя, хто называе знакамітага пісьменніка «галоўным ідэолагам літвінізму». Дыскусіяй закіды некаторых з іх назваць цяжка, бачна, што сустрэчы з занепакоенымі актывістамі будуць мець працяг, пiша «Будзьма».
Балтыйскі тур Уладзіміра Арлова зладзіў яго выдаўца і заснавальнік найбуйнейшай беларускай інтэрнэт-бібліятэкі (а цяпер яшчэ і выдавецтва) Kamunikat.org Яраслаў Іванюк.
Сустрэча ў Коўне была таксама пад пагрозай зрыву, паведаміў Яраслаў Іванюк, але сваю дапамогу прапанаваў дацэнт Універсітэта Вітаўта Вялікага, дырэктар Інстытута Вялікага Княства Літоўскага Русціс Камунтавічус. У выніку Уладзімір Арлоў прэзентаваў свае кнігі ва ўніверсітэце.
Як сказаў сам Русціс Камунтавічус на адкрыцці імпрэзы ў Вільні, яму, які са студэнтамі шмат чытаў і вывучаў творы Арлова, зараз «вельмі няўтульна, што такія рэчы робяцца ў Літве», што прыходзіцца «пераносіць з аднаго месца ў іншае сустрэчу з такім легендарным аўтарам».
Нагадаем, што скандальнасць гэтаму туру Уладзіміру Арлова прыдалі допісы літоўскіх барацьбітоў з так званым літвінізмам, арганізаваных слядоў якога не знайшоў і Дэпартамент нацыянальнай бяспекі Літвы, як сведчыць яго зусім нядаўняе паведамленне. У выніку розгаласу, які атрымаў у сацыяльных сетках допіс вядомага блогера Жыльвінаса Світоюса, Цэнтр беларускай культуры і супольнасці ў Вільні адмяніў сустрэчу з Уладзімірам Арловым. «Частка літоўскай супольнасці занепакоеная тым, што ў Вільню прыязджае «галоўны ідэолаг літвінізму», цэнтр «не можа гарантаваць ні бяспекі Арлова, ні нашай». Беларуская арганізацыя «Дапамога» прапанавала новае месца — Замак. Хоць ён і знаходзіцца на ўскрайку горада, мерапрыемства наведала шмат слухачоў.
Уладзімір Арлоў на пачатку імпрэзы падзякаваў Літве, якая дала прытулак шматлікім беларусам, што «ў гэты драматычны для нашай найноўшай гісторыі час былі вымушаныя пакінуць сваю Айчыну».
«Я даўно, са студэнцкіх гадоў, люблю Літву. Мяне перакладалі шмат на літоўскую мову, я ганаруся тым, што супрацоўнічаю з літоўскімі паэтамі, гісторыкамі і працягваю супрацоўнічаць, у тым ліку з прысутным тут Русцісам Камунтавічусам, — сказаў пісьменнік.
— У маім уяўленні наша шматвяковая і агульная — літоўцаў і беларусаў — гісторыя, еўрапейская гісторыя — гэта наш велізарны скарб. І ўсведамленне гэтай гісторыі — магутная зброя ў беларускім і літоўскім супрацьстаянні агрэсіўнай ідэалогіі „русского мира“.
Гэта ідэалогія імкнецца пераканаць беларусаў, як і ўкраінцаў, што яны не з’яўляюцца асобнай нацыяй, што мы частка „агульнарасейскай“ нацыі, і вось гэта наша спадчына агульная, наша гісторыя магутна гэтаму супрацьстаіць. Для нас гэта велізарны скарб».
І пра заяўленую тэму сустрэчы: «У маім уяўленні дзень 25 сакавіка абавязкова некалі будзе галоўным дзяржаўным святам у вольнай, незалежнай, еўрапейскай Беларусі, якая з Літвой сустрэнецца ў Еўразвязе».
Не абмінуў Уладзімір Арлоў і значэнне Вільні для беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, пачаўшы з «правадыра паўстання на землях Літвы і Беларусі, наша першага нацыянальнага палітыка Кастуся Каліноўскага»: «Сёння мы, прыехаўшы ў Вільню, першым чынам наведалі помнік яму і ягоным паплечнікам. Менавіта Каліноўскі са сваімі аднадумцамі стаяў ля вытокаў беларускай нацыянальнай ідэі. Паўстанцы мелі сваю газету на беларускай мове — „Мужыцкую праўду“, цэлы корпус дакументаў на беларускай мове. (...) І ў шэрагах паўстанцаў са зброяй у руках змагаліся супраць расейскіх каланізатараў беларускія паэты і пісьменнікі. І вось тады быў ужо зроблены выбар — Каліноўскі і яго аднадумцы марылі ўжо не пра аднаўленне ВКЛ альбо Рэчы Паспалітай, яны марылі ўжо пра вольную рэспубліканскую будучыню для народаў былых РП і ВКЛ».
Расповед пра раней выдадзеныя і зусім новыя кнігі перарываўся на музычныя паўзы — з гітарай выступіў сын пісьменніка Раман Арлоў.
Чыё ВКЛ і дзе сталіца?
Арганізатары прасілі задаваць пытанні па тэме — угодкі БНР, але, зразумела, літоўскія актывісты цікавіліся іншым.
Дыскусія, калі яе можна назваць так, часам выглядала як спроба злавіць спадара Арлова на нейкай, на думку апанентаў, няпраўдзе. Кшталту: а вось ці казалі вы, што Наваградак — першая сталіца Літвы, ці вы спрабуеце — «і ў нас ёсць відэа!» — аддзяліць сучасную Літву ад Вялікага Княства Літоўскага.
Было пытанне да фразы ў кнізе Уладзіміра Арлова і Генадзя Сагановіча «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі», у якой гаворыцца, што ў 1387 годзе Вільня была першым беларускім горадам, які прыняў Магдэбургскае права. «Кніга напісана ў суаўтарстве, але меўся на ўвазе горад ВКЛ, тады наш агульны горад — і беларускі, і літоўскі. Ніколі я не ставіў пад сумнеў, чыя Вільня, і не трэба прыпісваць мне і майму суаўтару тое, чаго няма», — адказаў Арлоў.
Арлоў і Камунтавічус спрабавалі тлумачыць аўдыторыі пра дыскусійнасць гістарычных версій: «беларусы лічаць, што першая сталіца — Наваградак; у Літве, наколькі вядома, кажуць пра Кярнаве». Але адчувалася, што дыскусійнасць — гэта не тут і цяпер.
Літоўская актывістка, як было бачна, нават трохі здзівілася адказу Арлова на пытанне, якой нацыянальнасці былі Вітаўт, Міндоўг і іншыя князі. «Безумоўна, яны былі балцкага паходжання», — прамовіў пісьменнік. «Балцкага?», — ажно перапытала дзяўчына.
Літоўцаў абражае, калі гаворачы па-беларуску ці па-руску Літву называюць Летувай, а іх летувісамі. На іх думку, ужыванне Lietuva ў славянскай мове наўмысна адмяжоўвае сённяшнюю Літву ад гістарычнай. То бок, калі беларус ужывае гэтае слова, гаворачы па-літоўску (а па-літоўску інакш як Lietuva і не скажаш), то гэта цалкам нармальна. Як было бачна, для беларускага пісьменніка, як і для многіх удзельнікаў імпрэзы, гэта было адкрыццём. Як, напэўна, адкрыццём і для літоўскай актывісткі стала тое, што назва Белоруссія, якую яна дапусціла ў адным з пытанняў, абражае беларусаў. Дарэчы, пасля адказу Уладзіміра Арлова на пытанне пра Летуву Жыльвінас Світоюс пакінуў сустрэчу, сказаўшы: «Усё зразумела». Потым засмучаны чакаў паплечнікаў на першым паверсе Замка.
Своеасаблівы вынік дыскусіі падвёў актывіст Гаральдас Даўмантас, чалец Саюза стральцоў Літвы: «Бачыце, калі ёсць вольнасці ў тэксце, нават калі гэта тэкст 2000 там нейкага года, гэтыя вольнасці будуць (у сваіх мэтах) выкарыстоўвацца некаторымі людзьмі. Я бачыў некаторыя старыя запісы вашых выступаў, і мне падаецца, у нас ёсць пра што пагаварыць. Вы бачыце, як гэта выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах і вось чаму трэба быць заўжды дакладнымі. Я жадаю вам і вашым калегам большай дакладнасці, бо ў нас ёсць грамадства, якое патрабуе адказаў потым ад беларусаў, якія жывуць тут, у Літве. І гэтыя беларусы вымушаныя потым выбачацца за ўсіх тых, хто дазваляе сабе нейкія філасафічныя вольнасці».
«Гэта рэальнасць, нам трэба зараз быць вельмі дакладнымі ў любых выказваннях і словах. І працягваць размаўляць з літоўцамі, бо толькі так можам прыйсці да нечага агульнага ў гэтых спрэчках. Абавязкова размаўляць», — падзяліўся меркаваннем адзін з беларускіх актывістаў.
«Я не разумею гэты ўзровень аргументацыі ў так званай дыскусіі. Я размаўляў са Світоюсам перад пачаткам імпрэзы — здаецца, мы пачулі адзін аднаго. Потым пачынаюцца рэальна дзіўныя пытанні. Але ў Коўне, павер, былі яшчэ больш дзіўныя. Думаю, трэба сапраўды зладзіць круглыя сталы, сустрэчы з літоўскімі актывістамі і беларусамі. Трэба паспрабаваць пачуць адзін аднаго», — сказаў Budzma.org Русціс Камунтавічус напрыканцы гэтай незвычайнай імпрэзы.