18 красавiка 2024, Чацвер, 10:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пазл склаўся

12
Пазл склаўся
ІРЫНА ХАЛІП
ФОТА: «НАША НІВА»

Ніколі не пытайце "а гэтых за што?"

Учора зноў прыйшлі па адвакатаў. А да таго - па архітэктараў. Па артапедаў. Зноў па адвакатаў. Па псіхіятраў. Па праграмістаў.

Рэпрэсіі ў нашай краіне перакрыжаваныя. Спачатку хапаюць тых, хто выйшаў на вуліцу, незалежна ад прафесіі, колеру валасоў і музычных пераваг. Потым, калі амаль усе арыштаваныя ці з'ехалі, а тых, хто застаўся і стаіўся, ляніва вылічаюць кабінетныя міліцыянеры з дапамогай праграмы распазнання твараў, крыважэрнай прорве становіцца сумна. І яна наважваецца пацешыцца няхітрым спосабам - пачаць выразаць у краіне цэлыя прафесіі.

Вядома, можна на гэта запярэчыць тэзісам "не ўсё так адназначна" - маўляў, не ўсіх жа паводле палітычных матываў; вось, напрыклад, лекараў-траўматолагаў саджалі не за палітычныя погляды, а за імпартныя эндапратэзы. Фармальна - так, можна прычапіцца і абвінаваціць у некарэктнай пабудове лагічнага шэрагу. Але ў тым і асаблівасць нашай рэчаіснасці, што ў нас усё - "за палітыку", нават тое, што вонкава падобна да з'явы з зусім іншай сферы.

Гучная справа артапедаў была патрэбная для таго, каб па эндапратэзаванне людзі ішлі ў канкрэтны медыцынскі цэнтр, які належыць сябрам Лукашэнкі – адзіны, якому дасталася права выкарыстоўваць імпартныя пратэзы суставаў. А трымаць усе яйкі ў адным кошыку спатрэбілася выключна таму, што пасля пачатку рэпрэсій і ўвядзення санкцый бізнэсоўцы кшталту гандлю нафтапрадуктамі і калійнымі ўгнаеннямі, якія кармілі клан Лукашэнкі, крыху страцілі, і трэба было шукаць новыя ўнутраныя крыніцы атрымання прыбытку. То бок, цалкам палітычная справа, карані якой – не ў пратэзах, а ў рэпрэсіях і санкцыях.

З прафесіяй адваката ўсё яшчэ прасцей. Палітвязні былі заўжды, і адвакаты былі заўсёды. Самых незалежных і свавольных пазбаўлялі ліцэнзій, але прынамсі не саджалі. Падчас усіх палітычных працэсаў мы ведалі імёны адвакатаў, якія абараняюць рэпрэсаваных. Пасля 2020 года ў адвакатаў зніклі імёны. Яны сталі інкогніта, але ўсё яшчэ працягвалі абараняць палітвязняў. А мы, журналісты, перасталі задаваць ім пытанні, таму што, па-першае, для іх гэта стала занадта небяспечна, а па-другое, навошта лішні раз пытацца, калі і так усё зразумела? Адвакаты зніклі з публічнай прасторы, каб працягваць працаваць. Але гэта нікога не выратавала. Прычым рэпрэсіі ў дачыненні да адвакатаў адбываюцца рэгулярна. Улетку 2022 года іх масава затрымлівалі за перапіску ў працоўным чаце. Увосень таго ж года - тых, хто абараняў анархістаў. У сакавіку мінулага года - адвакатаў палітвязняў. І вось зараз - зноў. Дзясятак затрыманых без усялякіх прычын.

Прычына, зрэшты, простая: адвакаты - адзіныя, хто яшчэ хоць неяк, хоць часам прарываецца да палітвязняў. Не да ўсіх - зразумела, што ў рэжыме incommunicado у палітвязня няма шанцаў сустрэцца з абаронцам. І ўсе ведаюць, што да Статкевіча, Бабарыкі, Калеснікавай, Лазарчык адвакатаў не пускаюць. Але ёсць і іншыя зняволеныя. І нават не палітычныя, але тыя, што знаходзяцца ў тых жа зонах. Яны могуць нешта расказаць, могуць хоць намёкам, хоць двума словамі выдаць нейкую інфармацыю пра тое, што адбываецца з палітвязнямі. Таму на ўсякі выпадак іх трэба рэгулярна саджаць, каб нешматлікія, якія яшчэ засталіся і нават працуюць, дакладна ведалі сваё месца і навучыліся жыць з заплюшчанымі вачамі і зашытымі ратамі.

Зразумелыя арышты праграмістаў за донаты: зажэрліся, буржуі, грошай поўна, не баіцеся палку Каліноўскага грошы адпраўляць - атрымаеце тэрмін. Зразумелыя арышты разнастайных піяршчыкаў-рэкламшчыкаў: крэатыўнасць у краіне-двайніку Паўночнай Карэі - гэта ўжо злачынства. Раптам зробяць нешта такое, з “падвыкрутам”, чаго чыноўнікі праз разумовую абмежаванасць нават не зразумеюць, а людзі імгненна сцямяць і будуць рагатаць проста на вуліцах. Зразумелыя нават арышты псіхіятраў і псіхатэрапеўтаў: менавіта ім людзі расказваюць тое, пра што будуць маўчаць нават пад катаваннямі, не кажучы ўжо пра гэбэшныя допыты. Каб прымусіць псіхіятраў супрацоўнічаць, іх для пачатку трэба пасадзіць.

Вось толькі архітэктары ў лагічны ланцужок ніяк не ўпісваліся. Калі пачула пра іх масавыя затрыманні, першая рэакцыя была, як у старым анекдоце: «А веласіпедыстаў за што?» Мяркуючы па сённяшнім абліччы Менска, архітэктараў трэба было б, наадварот, аб'явіць недатыкальнымі і ўзнагароджваць ордэнамі - бо гэта яны прыдумвалі дом Чыжа і бетонную глыбу каля цырка, ператваралі оперны тэатр у турэцкі гатэль сярэдняй рукі, нявечылі ўсе нашы гарады ў адпаведнасці з эстэтычнымі густамі Лукашэнкі.

Потым успомніла акрываўлены твар збітага, са звязанымі за спінай рукамі, архітэктара Вадзіма Дзмітрэнкі ў лістападзе таго самага дваццатага года і крыкі карнікаў: "Ты навошта прыйшоў на плошчу Перамен?" І ўсё адразу ўстала на свае месцы. Пазл склаўся.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках