Уладзімір Фясенка: Пытанне з Прыднястроўем будзе развязанае вельмі хутка
23- 28.02.2024, 18:57
- 48,314
Што стаіць за зваротам дэпутатаў ПМР да Расеі?
«Дэпутаты» акупаванага Расеяй Прыднястроўя («ПМР») звярнуліся да расейскага авета Федэрацыі і ДзярждумыС з так званай «просьбай» запуску мерапрыемстваў, накіраваных на «абарону ПМР» ва ўмовах «узмацнення ціску з боку Малдовы».
З чым звязаны гэты зварот? Ці можа ў Прыднястроўі паўтарыцца сцэнар «ЛНР» і «ДНР»? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з вядомым украінскім палітолагам, кіраўніком Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімірам Фясенкам:
- Паўтарэння гісторыі з «ЛНР» і «ДНР» не будзе па адной простай прычыне - у Прыднястроўя няма мяжы з Расеяй. Вось гэта самая галоўная акалічнасць, якую трэба ўлічваць. З усходу, поўдня і поўначы Прыднястроўе мяжуе з Украінай, з захаду - з Малдовай. Наўпроставых геаграфічных сувязей, калідораў, якія злучаюць з Расеяй, у Прыднястроўя няма. І гэта галоўная прычына цяперашняй сітуацыі.
Праз вайну і санкцыі супраць Расеі ў Прыднястроўя сталі ўзнікаць сур'ёзныя эканамічныя праблемы. Спецыфіка эканомікі «ПМР» палягае ў тым, што яна ў свой час была завязаная на эканоміцы Савецкага Саюза, потым у значнай ступені была звязаная з Расеяй. Аж да апошняга часу, да 2022-га года, нават пазней, яны атрымлівалі амаль бясплатна газ з РФ. Рахункі потым Расея, дарэчы, выстаўляла Малдове.
Магчымасці наўпроставай дапамогі Прыднястроўю, пагатоў ваеннай, зараз не тое што абмежаваныя, яны немагчымыя. Расея не можа надаць нейкую прамую дапамогу, бо няма прамой сувязі з Прыднястроўем. Праз Украіну ўжо з 2014-га года нельга было пастаўляць нейкія тавары і грузы праз пачатак расейска-ўкраінскага канфлікту. Калі нешта пастаўлялася, дык праз Малдову.
Адна з праблем, якая існавала раней, дапамагала выжываць эканамічна Прыднястроўю (акрамя дапамогі з боку Расеі), гэта карупцыя і кантрабанда. Кантрабандныя сувязі існавалі з Украінай і Малдовай. Малдова, каб быў нейкі інтэграцыйны працэс і каб зняць напружанне, яшчэ на пачатку 2000-х гадоў дала магчымасць прыднястроўскім прадпрыемствам гандляваць пад малдаўскім сцягам з Еўрапейскім Звязам. І ўжо ў 2000-я гады галоўным эканамічным партнёрам Прыднястроўя, як гэта не парадаксальна, стаў Еўрапейскі Звяз. Значная частка прадукцыі ішла ў краіны ЕЗ, гэта і металургічная прадукцыя, шэраг іншых тавараў. Таксама тавары ішлі ў Малдову і Украіну.
Але праз вайну пачалі закручваць гайкі вось гэтым усім кантрабандным варыянтам, нейкім ільготам і гэтак далей. Менавіта таму ў «ПМР» зараз б'юць трывогу, яны патрапілі ў цяжкую эканамічную сітуацыю. Гэтая заява з'яўляецца фактычна шантажом, шантажом Малдовы, шантажом Захаду і Еўрапейскага Звязу, збольшага і Украіны, што, маўляў, дайце магчымасць нам атрымаць дапамогу ад Расеі, інакш будзе горш. То бок, гэта намёк, што яны могуць адкрыць нейкі другі фронт.
- А ці можа быць адкрыты другі фронт?
- Магчымасць такіх крокаў, нейкіх ваенных дзеянняў з тэрыторыі Прыднястроўя, мінімальная па адной простай прычыне. Так, там ёсць вайсковы кантынгент Расеі, там ёсць старыя савецкія склады са зброяй і боепрыпасамі, але большая частка гэтага ўзбраення, паводле ацэнкі вайсковых экспертаў, ужо або даўно непрыдатная, або мае патрэбу ў мадэрнізацыі. Некалькі соцень вайскоўцаў, якія фармальна з'яўляюцца нібыта прадстаўнікамі расейскага вайсковага кантынгенту, насамрэч з'яўляюцца мясцовымі жыхарамі, узровень іх баяздольнасці невысокі. Там ёсць некалькі верталётаў, большасць з якіх у непрацоўным стане.
Таму так, тэарэтычна яны могуць паспрабаваць пачаць ваенныя дзеянні, напрыклад - супраць Украіны, пачаць нейкія ваенныя дзеянні супраць Малдовы. Але скончыцца гэта вельмі хутка, гэта будзе палітычнае самагубства для Прыднястроўя. Расея не зможа надаць прамой вайсковай падтрымкі праз геаграфічныя ўмовы.
А вось калі малдаўскі ўрад звернецца да Украіны, альбо да Румыніі, тады пытанне з Прыднястроўем будзе развязанае вельмі хутка, і там гэта вельмі добра разумеюць. Сённяшняя заява чакалася, была інфармацыя аб тым, што гэты «з'езд» нібыта дэпутатаў Прыднястроўя звернецца да Расеі з просьбай прыняць у склад РФ.
Такія просьбы, дарэчы, былі і раней, але Расея іх ігнаравала. Нават юрыдычна РФ не прызнавала Прыднястроўе, але як і іншым сепаратысцкім дзяржавам яна надавала падтрымку: палітычную, фінансавую і гэтак далей.
Цяпер, паводле адной з версій, Расея можа выкарыстоўваць гэтую сітуацыю для таго, каб шантажаваць Захад. Калі ў Кішынёве не пойдуць на саступкі Прыднястроўю, тады Расея нібыта можа нейкія агрэсіўныя дзеянні ўчыніць. Але як? Вось што можа зрабіць Расея? Абвясціць вайну Малдове? Добра, абвесціць, будзе рызыка паветранага нападу па Малдове.
Думаю, зараз будуць і адпаведна папярэджанні, званкі з боку розных заходніх лідараў, каб Расея такіх глупстваў не рабіла. Хутчэй за ўсё, гаворка пакуль ідзе толькі аб шантажы.
У гэтым звароце, мяркуючы з навін, ідзе размова аб абстрактнай дапамозе, там жа не гаворыцца аб наданні ваеннай дапамогі. Калі будзе атака, Малдова звяртаецца па дапамогу да заходніх краін, да Украіны, Румыніі, дапусцім, атрымлівае сістэмы СПА для абароны ад паветраных удараў з боку Расеі. А Малдова разам з Украінай ці іншымі сіламі можа пачаць спецаперацыю ў Прыднястроўі. Таму, думаю, што пакуль гаворка ідзе пра шантаж, пра спробу напалохаць Малдову.