Reuters: Навальны ведаў аб падрыхтоўцы абмену і даў згоду на яго
8- 27.02.2024, 14:55
- 16,774

Абмен мусіў адбыцца ў сярэдзіне лютага.
Аляксей Навальны і ягоная жонка Юлія ведалі аб падрыхтоўцы абмену і былі згодны на яго. Пра гэта піша агенцтва Reuters, спасылаючыся на ўласную крыніцу, знаёмую з ходам перамоў. Абмен мусіў адбыцца ў сярэдзіне лютага.
Паводле выдання, абмеркаванне магчымага абмену вялося пры ўдзеле расейскага бізнэсоўца Рамана Абрамовіча (пра тое ж згадвала ў сваім звароце паплечніца Навальнага Марыя Пеўчых, але Абрамовіч ёй гэта не пацвердзіў і сітуацыю ніяк не пракаментаваў).
У абмене ўдзельнічалі прадстаўнікі ўлад Расеі і Нямеччыны. Першапачаткова размова ішла аб абмене карэспандэнта Wall Street Journal Эвана Гершкавіча, які абвінавачваецца ў Расеі ў шпіянажы, на супрацоўніка ФСБ Вадзіма Красікава, які адбывае пакаранне ў Нямеччыне за забойства чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангошвілі.
Пуцін гатовы быў здзейсніць абмен толькі на Красікава, аднак улады Нямеччыны адмаўляліся выдаць яго ў абмен на Гершкавіча, лічачы вызваленне журналіста «праблемай амерыканцаў».
Калі ў якасці яшчэ адной кандыдатуры на абмен быў названы Навальны, прадстаўнікі Нямеччыны пагадзіліся, распавёў суразмоўца агенцтва.
Марыя Пеўчых раней заявіла, што напярэдадні забойства Навальнага ў калоніі перамовы аб яго абмене знаходзіліся ў фінальнай стадыі.
«Я атрымала пацвярджэнне аб тым, што перамовы вядуцца і знаходзяцца на фінальнай стадыі, увечары 15 лютага. 16 лютага Аляксей быў забіты», - сказала яна.
Financial Times са спасылкай на крыніцы ўчора напісала, што пасля смерці Аляксея Навальнага ў калоніі ўлады Нямеччыны страцілі цікавасць да абмену Красікава. Але амерыканцы па-ранейшаму будуць спрабаваць вызваліць Гершкавіча і былога марскога пяхотніка ЗША Пола Уілана.
Аляксей Навальны памёр 16 лютага ў ПК-3 "Палярны воўк" - паводле афіцыйнай версіі, яму нібыта падчас шпацыру стала дрэнна.