Топ-мэнэджар некалі самай паспяховай прыватнай страхавой кампаніі краіны працуе таксістам у Менску
8- 27.02.2024, 14:22
- 8,096
![Топ-мэнэджар некалі самай паспяховай прыватнай страхавой кампаніі краіны працуе таксістам у Менску](https://i.c97.org/ai/585338/aux-head-1709032961-20240227_taxi_360.jpg)
У 2019 годзе Барыса Медніка асудзілі на два гады "хатняй хіміі".
Удзельнік клуба знаўцаў “Што? Дзе? Калі?” і экс-кіраўнік B&B Insurance, якая ў пачатку нулявых была самай паспяховай прыватнай страхавой кампаніяй краіны, Барыс Меднік цяпер працуе таксістам у Менску, піша “Смартпрэс”.
B&B Insurance працавала на рынку краіны з 1995 года. Праблемы, паводле ацэнак экспэртаў, у кампаніі Медніка пачаліся ў 2011 годзе, калі сарвалася ўгода аб продажы бізнэсу французам. Праз тры гады ў B&B Insurance была часова адклікана ліцэнзія, а ў 2018 годзе - паўторна і канчаткова. У 2019 годзе Барыс Меднік быў прызнаны вінаватым у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і асуджаны на два гады "хатняй хіміі" без накіравання ў спецустанову.
Як распавёў “Смартпрэс” Барыс Меднік, у таксісты ён сышоў падчас адбывання пакарання.
- Рэжым адбывання “хатняй хіміі” - або дом, або праца. А праца ў таксі - гэта свайго кшталту свабода. (...) У наём я ісці не збіраўся - даўно перарос наёмнага работніка. Акрамя таго, у мяне былі і яшчэ пакуль застаюцца абмежаванні на занятак эканамічнай дзейнасцю – паводле пастановы суда я не магу ствараць прадпрыемствы, кіраваць. Я разважыў, што таксі - гэта найбольш прымальны і даступны род заняткаў, - распавёў былы топ-мэнэджар.
Са слоў Барыса Медніка, сям'я паставілася з разуменнем да ягонага выбару. Жонка "спачатку прамаўчала, а потым сама пайшла працаваць у таксі". Цяпер муж і жонка працуюць разам на адным аўто, а ўвесь заробак ідзе ў сям'ю.
Са слоў экс-бізнэсоўца, каб зарабіць у таксі прыстойныя грошы, "трэба працаваць прыстойна". Паводле ягонай ацэнкі, таксіст на сваім аўто "цалкам можа зарабіць 1000-2000 рублёў на тыдзень", а калі добра напружыцца, то і 2500-3000 рублёў.
- Усё залежыць ад досведу, умення, аўто, - растлумачыў Меднік.