Карасёў можна з ганка лавіць: беларус паказаў «Палескае мора»
3- 27.02.2024, 9:56
- 11,398

Магутнае відэа здзівіла гледачоў.
Карыстальнік TikTok з Мазыра паказаў, у што ператварыўся трэніровачны пункт для веславання на байдарках за апошнія некалькі дзён. Яго ролік набраў больш за 300 тыс. праглядаў і сотні каментароў.
«Добра, што я дня 4 таму прыбраў дошкі і трапікі з пантонаў. Кажуць, што будзе спад, але лепш зберагчы сваю маёмасць», - распавёў аўтар відэа.
Уздым узроўню вады карыстальнік Tik-Toka з нікам zhila_den зафіксаваў на відэа на працягу тыдня. Паводле ягоных слоў за дзень Прыпяць дадае 3 сантыметры ў вышыню і гэта не мяжа.
На відэа за 26 лютага відаць, як рака затапіла дарогу і трэніровачную пляцоўку, знесла пантон і паднялася вышэй па прыступках. Карыстальнікі сацсеткі ў шоку.
«Магутнае відэа. Затапіла ўсё што можна» - выказаўся адзін з каментатараў.
«Галоўнае каб мароз не стукнуў -20, а вада спадзе» - падзяліўся сваімі асцярогамі іншы карыстальнік.
«І гэта ж толькі люты», - адзначыў яшчэ адзін.
Хтосьці нават назваў з'яву «палескім морам» і «мазырскай Венецыяй». Некаторыя беларусы былі на пазітыве: «Затое карасёў можна з ганка лавіць», »Якая прыгажосць, рыба будзе».
Тым часам да небяспечнага ўзроўню 500 сантыметраў застаецца зусім няшмат. Мазырскія ратавальнікі кантралююць сітуацыю з паводкай - пісала мясцовае выданне «Moзыр.NEWS».