Пяць самалётаў РФ былі адкліканыя: ГУР раскрыла падрабязнасці ліквідацыі А-50
3- 24.02.2024, 11:53
- 15,204
Сталі вядомы новыя дэталі апошняга палёту.
Галоўная ўправа разведкі Мінабароны Украіны паведаміла, што самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення ВКС РФ А-50У быў збіты 23 лютага паблізу горада Прыморска-Ахтарска на Азоўскім моры, а пасля гэтага яшчэ 5 расейскіх самалётаў былі адкліканыя з баявой працы.
Паводле звестак разведкі, апошні ўзлёт А50У здзейсніў 23 лютага ў 15:50 з аэрадрома «Ахтубінск» і павінен быў выконваць тэрарыстычныя задачы Расеі паблізу населеных пунктаў Прыморска-Ахтарска – Зернаграда.
Рэзкае спыненне працы ва ўказаным раёне радыёлакацыйнага комплексу «Чмель», якім абсталяваны А-50У, зафіксавалі станцыі радыётэхнічнай разведкі ГУР у 18:45.
Агнявую паразу мадэрнізаванага ДРЛА А-50У таксама пацвярджаюць радыёперахопы размовы экіпажу прыкрыцця Су-35.
Адзін з расейскіх пілотаў у радыёэфіры паведамляе, што назіраў працу СПА, выбліск і выбухі.
«Дадатковай прыкметай поспеху супольнай аперацыі ГУР і Паветраных сілаў з'яўляецца загад спыніць місіі для двух самалётаў Су-35, а таксама трох бартоў Су-34 ВКС РФ, якія выконвалі задачы паблізу н.п. Мілерава – частка з іх планавала нанесці авіяўдары паблізу Аўдзееўкі», – заявілі ў ГУР.
Нагадаем, 23 лютага сілы абароны Украіны збілі расейскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50.
Сілы абароны збілі расейскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50 з савецкага ЗРК С-200.