12 лiстапада 2024, aўторак, 7:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Забіты за Будапешцкі мемарандум

18
Забіты за Будапешцкі мемарандум
ІГАР ЛЕДНІК

Памяці Ігара Ледніка.

Учора беларусы развіталіся з Ігарам Леднікам - яшчэ адным палітвязнем, забітым у беларускай турме. Не магу пісаць “памерлым”, бо гэта забойства. Расцягнутае ў часе павольнае забойства. Рэжым даўно ўжо не займаецца планаваннем і ажыццяўленнем: дастаткова пакінуць чалавека без медыцынскай дапамогі - і ўсё. Калі гаворка ідзе пра інваліда - гарантыя практычна стоадсоткавая. У выпадку цяжкахворага Ледніка – мільёнаадсоткавая. А ў выснове патолагаанатама будзе напісана, што смерць наступіла ад натуральных прычын, і дэ-юрэ гэта нават будзе праўдай.

Апошняе, што мы можам зрабіць для загінулага на неабвешчанай вайне палітвязня, - гэта даведацца пра яго больш. Ігара Ледніка я памятаю з даўніх часоў: ціхі інтэлігентны чалавек з тых, каго ўважаюць за дзівакоў. Многія ўважалі Ледніка за дзівака, бо ён увесь час казаў пра Будапешцкі мемарандум, які гарантаваў Украіне бяспеку ў сувязі з яе далучэннем да Дамовы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі і перадачай сваёй зброі Расеі. Ён увесь час гаварыў і пісаў пра гэты мемарандум, а ў навакольных былі зусім іншыя інтарэсы. Асабліва да 2022 года, а ўжо да 2020 - тым больш.

Я не памятала, за што пасадзілі Ігара Ледніка. Бо зняволеных столькі, што фармальныя чыннікі ўжо не змяшчаюцца на цвёрдай кружэлцы ўласнай памяці. За падабайку, рэпост, каментар, данат? Вы ж таксама не памятаеце, праўда? Дык вось, я пачала чытаць справаздачы праваабаронцаў пра крымінальную справу Ледніка. Высветлілася, яго пасадзілі за артыкул у партыйным часопісе БСДП «Пазіцыя». Артыкул называўся «Міжнародна прызнаны нейтралітэт Беларусі – гарантыя бяспекі ў рэгіёне АБСЕ» і стаў падставай для іншага артыкула – крымінальнага, «паклёп у дачыненні да Лукашэнкі». Прысуд - тры гады, два з якіх Ігар Леднік пратрымаўся жывым. Паверце, з яго дыягназамі гэта гераічнасць.

Няма ўжо ні партыі той, ні яе сайта, ні часопіса. Як, зрэшты, і іншых партый, сайтаў і часопісаў. Але той артыкул Ледніка я ўсё ж знайшла. У памяць пра яго хацелася прачытаць - напэўна Ігар хацеў бы, каб яго прачыталі. Не пры жыцці - дык хаця б пасля. Абгавораны Лукашэнка там згадваецца ўсяго пару разоў. І вось у якім кантэксце (падам дзве цытаты).

«Па тым, што адбываецца ў Беларусі пасля «выбараў» 9 жніўня, ствараецца ўражанне, што Аляксандр Лукашэнка ўжо поўнасцю задзейнічаны ў расейскай стратэгіі «ад эскалацыі да дээскалацыі», а з ім і Беларусь. Падтрымка яго Крамлём развязала няспынны гвалт і здзекі лукашэнкаўскіх «красаўцаў» з беларусаў-пратэстоўцаў, а паказальныя супольныя ваенныя вучэнні «Славянскае брацтва» каля межаў Украіны і краін NАТО – Польшчы і Літвы – накіраваныя на тое, каб Захад спыніў усе спробы пасярэдніцтва для выхаду з крызісу ў Беларусі. Пакінуўшы Лукашэнку ва ўладзе, Расея праз «саюзную дзяржаву» ўцягне беларусаў у глабальнае супрацьстаянне з усім цывілізаваным светам». І другая цытата: «Спроба Расеі захаваць Лукашэнку ва ўладзе прывядзе да катастрафічных наступстваў для светапарадку і створыць у сусветнай практыцы прэцэдэнт, калі ва ўзброенае супрацьстаянне будуць уцягнуты дзяржавы, якія атрымалі ад ядзерных дзяржаў гарантыі бяспекі дзякуючы Будапешцкаму мемарандуму».

Выходзіць, Ігар Леднік проста прадказаў вайну і ўдзел Беларусі ў гэтай вайне ў якасці суагрэсара за дзевяць месяцаў да поўнамаштабнага ўварвання і амаль за паўгода да пачатку эскалацыі. За гэта ён атрымаў тры гады турмы, а фактычна - вышэйшую меру. За сухі аналітычны артыкул усё пра той жа Будапешцкі мемарандум, за згадванне Лукашэнкі выключна па імені і прозвішчы, без усялякіх ацэначных азначэнняў. За праўдзівы прагноз удзелу беларускага рэжыму ў вайне супраць незалежнай дзяржавы. За наіўную веру ў тое, што міжнародныя дамовы павінны дзейнічаць і парушаць іх нікому не дазволена.

Калі-небудзь, калі мы будзем успамінаць імёны беларускіх герояў, давайце не забудземся назваць імя Ігара Ледніка – ціхага інтэлігентнага чалавека, які шчыра любіў Беларусь, ненавідзеў беззаконне і заставаўся жывым цэлых два гады там, дзе шанцаў выжыць у яго не было наогул.

Ірына Халіп, адмыслова для Charter97.org

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках