Беларус распрацаваў чытанку адразу на 24 мовах
3- 22.02.2024, 21:37
- 5,772
На ілюстрацыях – вельмі спраўныя коцікі.
Беларус распрацаваў чытанку адразу на 24 мовах. На новую ідэю Дзіму Буко натхніла дачка Ева. Ёй цяпер 5 гадоў, і за ўвесь гэты час тата так і не змог знайсці для дзіцяці ідэальны буквар. І роўна 1 студзеня Дзіма паабяцаў сабе стварыць яго самастойна. Паабяцаў і зрабіў: на дызайн спатрэбілася блізу 160 гадзінаў працы за месяц.
– З самага пачатку ў мяне было толькі пяць моваў: ангельская, расейская, беларуская, польская і ўкраінская. Я хацеў знайсці словы, якія ў гэтых мовах гучаць амаль аднолькава. Напрыклад, «астранаўт», «балет». Для пошуку такіх словаў я выкарыстоўваў ChatGPT. Думаю, гэта адна з прычынаў, чаму раней такі буквар быў немагчымы – праз адсутнасць вялікіх моўных мадэляў і складанасць пошуку такіх паняццяў. Я знайшоў вельмі шмат падобных паняццяў і склаў з іх спачатку лонг-лісты, а потым шорт-лісты. Выбіраць самыя цікавыя паняцці мне дапамагала дачка, – расказаў Onlíner Дзіма.
У нейкі момант дызайнер зразумеў, што яму не стае экспертызы лінгвістаў і людзей, якія працуюць з дзецьмі-білінгвамі і мультылінгвамі. І апублікаваў пост з просьбай дапамогі ў сацсетках. Адгукнуліся 12 лінгвістаў і выкладнікаў.
– Важным інсайтам стала, што моўнае развіццё дзяцей-білінгваў і мультылінгваў адбываецца павольней, чым дзяцей, якія жывуць у аднамоўным моўным асяроддзі. Розніца – 1-2 гады. «Яблык» можа быць цікавым дзіцяці, якое вывучае літары на адной мове. Але маёй дачцэ «яблык» у буквары ўжо сумна. Ёй цікава «тарнада».
У нейкі момант мы змянілі канцэпцыю: кніга не вучыць канкрэтным літарам, як аднамоўны чытанка. Кніга паказвае, што ў свеце шмат моваў і не трэба пужацца розных літараў. У выніку за аснову была ўзятая ангельская. У кнізе 26 літараў і дадатковы разварот, дзе сабраныя каты, якія не ўвайшлі ў кнігу, практыкаванні з мовамі і фіча, каб самому пагенераваць катоў разам са сваім дзіцем.
Дзіма з дачкой зрабілі тысячы карцінак для ілюстрацый з дапамогай альфа-версіі MidJouney 6.0. Іхняя старонка нават патрапіла ў топ удзельнікаў. Катоў пачалі выкарыстоўваць далёка не адразу. Дарэчы, ідэя прыйшла Еве: да слова «ёга» яна прапанавала зрабіць ката, які ёю займаецца. У працэсе ўсе карцінкі сталі фотарэалістычнымі катамі.
Пашырыўся і спіс моваў у чытанцы: іх стала 24.
Спіс моваў:
Ангельская, арабская, беларуская, бенгалі, балгарская, кітайская (спрошчаная), харвацкая, чэшская, дацкая, галандская, эстонская, французская, грузінская, нямецкая, грэцкая, іўрыт, хіндзі, вугорская, італьянская, японская, казахская, латышская, літоўская, партугальская, расейская, сербская, славацкая, славенская, гішпанская, турэцкая, украінская.
– Калі быў гатовы фінальны праект кнігі, мне трэба было знайсці нейтыў спікераў 24 моваў, каб зрабіць вычытку. Ізноў жа, пасля клічу ў сацсетках дапамагаць мне падахвоціліся 48 чалавек. Усе яны будуць указаныя ў выходных звестках, калі кніга калі-небудзь убачыць свет.
Спачатку Дзіма планаваў надрукаваць кнігу толькі для дачкі, але пазней надумаў паспрабаваць апублікаваць праект на Kickstarter. Пакуль набралася палова сумы, але ў запасе ёсць яшчэ 23 дні. Цяпер кніга існуе ў двух экземплярах: адна ў самой Евы, а другая ў яе ў дзіцячым садку.