Яны баяцца суда
2- Леанід Судаленка
- 21.02.2024, 12:24
- 8,950
Голас беларусаў - галоўная зброя.
Аб забойстве Ігара Ледніка. Казаў і яшчэ раз кажу: людзі паміраюць дома ці ў лякарнях. У турме людзей забіваюць! Бо калі чалавек хворы, яго трэба лячыць. Калі моцна хворы, вызваліць ад пакарання. Інакш прысуд суда аб пазбаўленні волі роўны смяротнаму пакаранню.
І зноў не адпускаюць думкі пра палітвязняў, якіх утрымліваюць у нечалавечых умовах. Асабліва пра тых, у каго вялікія тэрміны. Там гэта часта гучыць як "ніколі". У сэнсе - ніколі не скончыцца тэрмін!
Інтэлектуальна кожны задумваецца над сэнсам жыцця і, магчыма, не раз развітваецца з ім. Маральна там цяжка ўдвая, бо не адпускае разуменне прававога беззаконне, ты за кратамі без злачынства, толькі за тое, што не згодны!
Што можа выратаваць нашых палітычных вязняў, асабліва тых, хто з вялікімі тэрмінамі? Я не знаходжу адказу на гэтае пытанне, у нас няма сёння моцнай дамоўнай пазіцыі. Аднак у нас ёсць тое, што нельга адабраць. Гэта наш голас! Прапаную не маўчаць, крычаць гучней і гучней аб тым, як рэжым павольна забівае нязгодных беларусаў. Наш голас пакідае сляды, і там гэтага моцна баяцца. Яны баяцца хуткага і справядлівага суда, што зараз з'яўляецца нашай галоўнай зброяй.
Гэта я ведаю дакладна!
Леанід Судаленка, “Фэйсбук”