Названы найлепшы футбаліст Беларусі-2024
- 8.12.2024, 15:55
- 4,722
Яго трансферны кошт складае адзін мільён еўраў.
Беларуская федэрацыя футбола правяла традыцыйнае апытанне сярод трэнераў, суддзяў, журналістаў, экспертаў і капітанаў футбольных каманд краіны і вызначыла найлепшага футбаліста Беларусі-2024. Ім стаў брамнік менскага «Дынама» Фёдар Лапавухаў, пішуць «Минск-новости».
21-гадовы галкіпер правёў 19 «сухіх» матчаў у чэмпіянаце з 30 гульняў і дапамог менскаму «Дынама» другі раз запар стаць чэмпіёнам краіны. Таксама дзякуючы гульні Лапавухава яго клуб выйшаў у групавы этап Лігі канферэнцый УЕФА.
За ўсю гісторыю суверэннай Беларусі толькі чатыры брамнікі раней атрымлівалі званне найлепшага футбаліста. Гэта Юрый Курбыка (1991), Генадзь Туміловіч (2001), Юрый Жаўноў (2010) і Аляксандр Гутар (2011).
Дарэчы, трансферны кошт Лапавухава - паводле версіі партала Transfermarkt - складае адзін мільён еўраў. Гэта самы дарагі гулец Вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі.