Навукоўцы: Хадзіць у музеі карысна для мозгу
5- 7.12.2024, 14:13
- 1,426
Арыгінальныя карціны выклікаюць эмацыйную рэакцыю ў 10 разоў больш моцную, чым пры праглядзе копіі.
Дзякуючы інтэрнэту пазнаёміцца з усімі творамі мастацтва можна не выходзячы з дому. Аднак адчуванні ад іх, здаецца, не такія яркія, як у музеі – там па-асабліваму падае святло, а карціны вісяць у прыгожых старадаўніх рамках. Навука гэта пацвярджае – мозг значна лепш рэагуе на карціны ў галерэях, чым на іх лічбавыя копіі. «Холад» расказвае пра навукова даказаны эфект арыгіналу.
У сучасным свеце неабходнасць ісці ў музей, каб убачыць творы мастацтва, адпала. Віртуальныя калекцыі найлепшых музеяў свету лёгка знайсці ў інтэрнэце, а паштоўкі з вядомымі карцінамі прадаюцца ў крамах. Аднак даследаванне нідэрландскіх навукоўцаў сцвярджае, што хадзіць у музеі карысна для мозгу: арыгіналы карцінащ стымулююць яго значна мацней, чым рэпрадукцыі.
«Мы ўсе адчуваем розніцу – але ці можна яе вымераць, ці рэальная яна?» – з такім пытаннем дырэктарка музея Маўрыцхейс у Гаазе Марціна Госэлінк звярнулася да даследнікаў чалавечага мозгу. Каб адказаць на яго, навукоўцы знайшлі 20 добраахвотнікаў, начапілі ім на галовы электраэнцэфалаграфічныя (ЭЭГ) гарнітуры і датчыкі для адсочвання руху вачэй і параўноўвалі рэакцыю мозгу пры праглядзе арыгіналу ў музеі і постара ў сувенірнай краме.
Паказвалі пяць працаў: «Дзяўчыну з жамчужнай завушніцай» і «Від Дэлфта» Яна Вермеера, «Скрыпачку» Герыта ван Хонтхорста, а таксама «Урок анатоміі доктара Тульпа» і «Аўтапартрэт» Рэмбранта. Высветлілася, што, калі гледачы глядзелі на арыгіналы, актыўнасць у прадклінні – частцы мозгу, якая звязаная са свядомасцю, самарэфлексіяй і ўспамінамі, – была ў 10 разоў мацнейшая.
«Усведамляеце вы гэта ці не, вы становіцеся ментальна багацейшымі, калі гледзіце на карціны, таму што ствараеце сувязі ў сваім мозгу», – кажа Марціна Госэлінк.
Даследнікі глядзелі на тое, якія імпульсы пасылае мозг – стымулююць яго карціны ці не. Калі на карціны хацелася глядзець, імпульс знаходзіўся вышэй за нуль. Калі імпульс быў меншы за нуль, значыць, карціна выклікала абурэнне.
Напрыклад, пры праглядзе арыгінала «Скрыпачкі» Герыта ван Хонтхорста ў сярэднім рэакцыю мозгу навукоўцы ацанілі на 0,41, а ў выглядзе плаката – усяго на 0,05. У «Дзяўчаты з жамчужнай завушніцай» розніца яшчэ большая – 0,35 у арыгінала і -0,07 у постара.
Даследнікі вымяралі не толькі ўплыў прагляду на эмоцыі, але і кагнітыўнай рэакцыі – наколькі гледачы звяртаюць увагу на карціны. Розніца паміж арыгіналамі і постарамі невялікая, але яна ёсць – у 1,16 разоў больш увагі звяртаюць арыгіналы.
Арыгіналы запамінаюцца лепш
Існуе іншае даследаванне, якое аналізуе розніцу паміж успрыманнем арыгіналаў і іх рэпрадукцый. У 2015 годзе аўстрыйскія навукоўцы адправілі групу студэнтаў на выставу ў Венскім музеі, а праз тыдзень папрасілі паглядзець на тыя ж творы мастацтва на экране кампутара. Іншая група спачатку глядзела экспазіцыю онлайн, а праз тыдзень у музеі. У выніку і тым, і іншым музейны досвед спадабаўся значна больш.
Акрамя гэтага, даследнікі хацелі высветліць, у якім варыянце выстава запаміналася лепш, таму правялі тэсты на памяць пасля першага тыдня. Першай групе, якая была ў музеі, успамінаць экспанаты было лягчэй, чым тым, хто глядзеў выставу на камп'ютары.
Навукоўцы патлумачылі гэта тым, што ў музеі карціны разглядаліся ў кантэксце, што спрыяла запамінанню, – калі студэнты ўспаміналі адзін экспанат, яны таксама ўспаміналі і іншыя працы паблізу.
Чаму ў музеях лепш
Адна з відавочных прычынаў – памеры і якасць карцінаў і іх рэпрадукцый. На арыгінале гледачы могуць разглядаць мазкі пэндзля, тэкстуру фарбы і іншыя фізічныя асаблівасці. На постары, нават калі памерам ён такі самы, як і сама карціна, гэта зрабіць складаней.
Удзельнікам аднаго з даследаванняў паказвалі арыгіналы твораў мастацтва і некалькі рэпрадукцый у розных фарматах. Ім трэба было сказаць, ці лёгка на гэтых выявах вызначыць эмоцыі, якія выказалі мастакі. На арыгінальных карцінах было вельмі лёгка – на 4,5 з 5. За імі ішлі праекцыі на слайды (3,7), фатаграфіі (3,0), лічбавыя выявы (2,9) і старонкі з кніг (2,8).
Удзельнікі таксама ацанілі, наколькі розныя фарматы здольныя перадаць адчуванне прагляду карціны, напісанай алеем на палатне. Найлепшымі былі слайды, за імі ішлі лічбавыя выявы, старонкі з кніг і фатаграфіі.
Аднак рэч не толькі ў памеры. Навукоўцы адзначаюць, што на ўспрыманне ўплывае кантэкст – напрыклад, як падае святло або як апраўленая карціна. Да таго ж у музеі ў гледача больш магчымасцяў: ён можа свабодна перамяшчацца, мяняць кут зроку і дыстанцыю ад экспаната. Пры праглядзе карціны на экране чалавек звычайна абмежаваны фіксаванай пункту агляду.
У дадатак да ўсяго наведвальнікі ўсё яшчэ ўспрымаюць музей як асаблівае месца, дзе творы мастацтва знаходзяцца ў іх натуральным асяроддзі. Таму схадзіць у музей для многіх значыць культурна ўзбагаціцца.