Зміцер Балкунец: Лукашэнку могуць проста адправіць да Прыгожына
31- 5.12.2024, 23:46
- 46,202
Беларускі дыктатар атрымаў сігнал з Крамля.
Лукашэнка і Пуцін правядуць «асобную сустрэчу» ў Менску, куды расейскі лідар прыбудзе для ўдзелу ў пасяджэнні «вышэйшага дзяржсавета» так званай саюзнай дзяржавы 6 снежня.
Ці рытуальны гэта візіт? Ці ж у яго ёсць практычная мэта? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з палітолагам Змітром Балкунцом:
- Мяркую, што гэты візіт носіць рытуальны характар, улічваючы, што гэта 25 гадоў падпісання «саюзнай дамовы» 1999-га года, якая з'яўляецца прафанацыяй. Яна цалкам не выкананая, ды і ці наўрад калі-небудзь будзе выкананая. На мае ацэнкі, гэтая дамова была зробленая выключна пад Лукашэнку ў 1999-м годзе, каб той маг заняць месца Барыса Ельцына.
Але Расея зараз гэтую дамову разглядае як спробу ўстанавіць кантроль над эканомікай і палітычнай сітуацыяй у Беларусі. І ў нейкай частцы ім гэта ўдаецца зрабіць, бо тыя прынцыпы, якія там закладзеныя - аб з'яўленні фармальнай канфедэрацыі - нерэальна ажыццявіць.
Хто б там ні спрабаваў аднавіць Савецкі Саюз праз гэтую дамову, гэтая мадэль няўстойлівая і працаваць не будзе.
Ёсць яшчэ вельмі важны аспект — у 1996-м годзе, калі была зробленая першая спроба па ўтварэнні ўсіх гэтых інтэграцыйных мерапрыемстваў з Расейскай Федэрацыяй, гэта было на руку Ельцыну перад выбарамі прэзідэнта.
Расея гэтым актыўна карысталася, а Лукашэнка карыстаўся ўсімі дабротамі за кошт таго, што ён прымудраўся кожны раз выцягваць з Расеі фінансы на падтрыманне сваёй эканамічнай мадэлі, якую ён называе «эканамічным цудам». А цуд усё ў тым, што Беларусь атрымлівала і атрымлівае па вельмі льготных цэнах энэргарэсурсы з Расеі. А цяпер атрымлівае яшчэ і дастаткова аб'ёмныя магчымасці для пастаўкі прадукцыі на рынак, з якога сышлі заходнія кампаніі.
Лукашэнка гэтым карыстаецца. Але насамрэч гэта прывяло да маштабнага падзення даходаў насельніцтва Беларусі, бо калі параўнаць, як краіна рухалася наперад за апошнія 30 гадоў у супастаўленні з суседнімі заходнімі краінамі, напрыклад - Польшчай, Вугоршчынай і іншымі, бачна, што Беларусь ніяк глабальна не развівалася. Сёння яна займае чацвёртае месца знізу сярод усіх краін Еўропы па ВУП на душу насельніцтва. Бяднейшая толькі сітуацыя ва Украіне, але там вайна ідзе, у Малдове, і яшчэ ў Албаніі, па-мойму. І ўжо далей Беларусь знаходзіцца.
Гэта паказвае, што тая мадэль, якую абраў Лукашэнка, з'яўляецца тупіковай. І тыя кірункі, якія ён рэалізаваў, не прывялі да таго, што ў Беларусі з'явіліся нейкія новыя тэхналогіі ды іншае. Але Расея гэта выкарыстоўвае як магчымасць кантраляваць тэрыторыю. Асабліва гэта ўзмацнілася пасля 2020 года, калі былі рэалізаваныя кірункі для паглыблення інтэграцыі.
Расея пачала кантраляваць пэўныя базы звестак у Беларусі. Шэраг беларускіх прадпрыемстваў перайшлі на расейскі софт і шмат усяго іншага. І гэта з'яўляецца, насамрэч, пагрозай і для Беларусі, і для Расеі. Таму што Расея вымушаная тады цягнуць гэты воз, які з’яўляецца абсалютна стратным, гэтую нерэфармаваную савецкую эканоміку, якую Лукашэнка падтрымлівае на плыву.
Цяпер Беларусь з'яўляецца даволі важным цэнтрам для Расеі ў выпадку новых спроб атакаваць іншыя дзяржавы - краіны Балтыі, Польшчу. Калі такія спробы ў Крамля будуць, то яны гэта будуць рабіць з тэрыторыі Беларусі.
Памылка заходніх краін у тым, што яны падлашчваліся да дыктатара цягам многіх гадоў і фінансавалі Лукашэнку. Еўразвяз выдзяляў мільярды еўраў з бюджэту на фінансаванне супрацоўніцтва ў рамках Усходняга партнёрства, але грошы ўсе ішлі ў бюджэт сям'і дыктатара.
Ён іх асвойваў, ён будаваў сабе рэзідэнцыі на тыя грошы, якія Еўразвяз выдзяляў. Яны зрабілі справаздачу, што за апошнія чатыры гады выдзелілі Беларусі 140 мільёнаў еўраў, але гэтыя грошы невядома куды сышлі, хто іх атрымаў. Гэта была памылка Еўразвязу. Дзе гэтыя грошы? Хто іх атрымаў? Нейкія ашуканцы, якія марнуюць зараз гэтыя сродкі на заклік ісці на «выбары» ў студзені? Яны атрымліваюць гранты, мільёны еўраў атрымліваюць.
Але гэта ж усё на руку Лукашэнку, а Еўразвяз не хоча з гэтым разбірацца. У гэтай сітуацыі Крэмль гэтым карыстаецца. Яны бачаць, што Еўропа фінансуе розныя псэўдаарганізацыі, якія займаюцца тым, што яны проста выратоўваюць дыктатара.
Я мяркую, што гэтае пытанне патрабуе ўвогуле глабальнага абмеркавання. Навошта Еўропа фінансуе Лукашэнку і Пуціна? А з якой мэтай яны гэта робяць? І потым дзівімся, а чаму Пуцін умацоўвае «саюзную дзяржаву» і іншае. Бо вось такая палітыка адбываецца з іншага боку.
Пры гэтым усім напляваць на правы чалавека. Еўропа працягвае гандляваць актыўна з Лукашэнкам і Пуціным, возяць грузы, кантрабанду возяць. Ніхто не хоча прызнаць факт, што можна вызваліць палітвязняў, уводзячы жорсткія санкцыі санкі. Можна запатрабаваць дэнансацыі «саюзнай дамовы» і іншае, але Еўропа працягвае зарабляць грошы на горы беларускага народа.
- Адна з заяўленых тэм - бяспека. На фоне падзей у Сірыі, ці з'яўляецца Пуцін нейкім гарантам бяспекі для Лукашэнкі?
-Для Лукашэнкі Пуцін з'яўляецца гарантам бяспекі ў нейкай частцы. Але ўсё ж я схільны меркаваць, што Лукашэнка зараз кінуў Пуціна пасля таго, калі ён не выканаў сваё абавязацельства, сваю клятву, якую ён дзецьмі даваў, што не будзе ў чарговых выбарах удзельнічаць.
Цяпер, я мяркую, гэта можа адыграць нейкую ролю. Аднак Пуцін можа скарыстаць сітуацыю і выцягнуць ад Лукашэнкі яшчэ больш. Ён нават можа яго падтрымаць на гэтых чарговых так званых выбарах, нават нейкую капейчыну яму падкінуць, але запатрабуе з яго яшчэ больш, больш за тое, што Лукашэнка можа даць.
А ў іншым выпадку яго могуць проста адправіць да Прыгожына. Тыя аўдыёзапісы размоў Лукашэнкі з Прыгожыным, якія з'явіліся не так даўно, я мяркую, што гэта свядомы ўкід з боку Крамля ці каля крамлёўскіх сілавых структур, каб паказаць Лукашэнку яго месца на мапе. Такія запісы маглі быць толькі ў тых, хто кантралюе ўвесь гэты інфаструмень і мае тэхнічны доступ для таго, каб іх запісваць. Я думаю, што гэта такія сігналы для Лукашэнкі.
Пуцін не любіць, калі яго кідаюць. А гэта кідалава было, калі Лукашэнка не выканаў тое, што ён паабяцаў яму ў 2020-м годзе, яшчэ і чатыры гады дурыў галаву. Думаю, што Пуцін можа адыграцца на ім альбо атрымаць ад Лукашэнкі нешта такое, што можа быць вельмі балючым для Беларусі і для суседніх краін.