«Надзвычай сумна назіраць, як Лукашэнка звязаў лёс Беларусі з РФ»
10- 4.12.2024, 14:13
- 9,356
Прадстаўнік Дзярждэпа ЗША расказаў аб магчымых санкцыях супраць рэжыму.
“З нашага пункту гледжання, было неверагодна сумна назіраць за тым, як Лукашэнка толькі што цалкам звязаў будучыню сваёй краіны з Расеяй усімі магчымымі спосабамі, у тым ліку, вядома, размяшчэннем расейскіх войскаў і безадказныя заявы аб выкарыстанні ядзернай зброі”, - заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамента Мэцью Мілер у каментары "Еўрарадыё" аб санкцыях, якія заходнія краіны накладаюць на рэжым Лукашэнкі.
Злучаныя Штаты ніколі не абвяшчаюць аб падрыхтоўцы новых санкцый загадзя. Але Мілер не хавае, што Дзярждэп увесь час працуе, каб зрабіць існыя санкцыі больш эфектыўнымі: “Мы ўводзім санкцыі, а потым з цягам часу выкрываем спосабы іх абыходу праз маскаванне фінансавых аперацый, накіраванне іх праз трэціх асоб, праз іншыя краіны”.
Прадстаўнік Дзярждэпа дадаў, што санкцыі - гэта толькі адзін з інструментаў уплыву: “Я не ўпэўнены, што ў свеце ёсць хоць адна краіна, дзе санкцыі самі па сабе здольныя змяніць метады вядзення бізнэсу. Абмежаванні працуюць у спалучэнні з дыпламатычным ціскам. І гэта тое, што мы будзем працягваць рабіць”.