3 студзеня 2025, Пятніца, 11:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Зычу, каб у Беларусі была сапраўдная Беларусь»

21
«Зычу, каб у Беларусі была сапраўдная Беларусь»

Навагоднія віншаванні беларусаў Польшчы.

Якім быў гэты год для беларускіх эмігрантаў? Чаго яны зычаць у Новым годзе сабе, блізкім, усёй эміграцыі, Польшчы і Беларусі? Аб гэтым карэспандэнт "Польскага радыё" спытаў у беларусаў Познані.

Напярэдадні Калядаў і Новага года настрой у людзей звычайна прыўзняты. Праўда, у эмігранцкім асяроддзі гэта асабліва не адчуваецца, але тым не менш людзі ахвотна адказваюць на пытанні.

І заўважна, што іх зычэнні адрозніваюцца ад тых, што звычайна агучвалі многія ў перадсвяточных апытаннях журналістам у Беларусі да 2020 года.

Наталля - актыўная дзеячка ў беларускім асяроддзі, займаецца беларускай бібліятэкай, удзельнічае ў беларускім размоўным клубе.

Таму са сваімі пытаннямі журналісты найперш звярнуліся да яе.

- Наталля, якім быў для вас гэты год? Што згадваецца?

- Цяжкім быў. Год у эміграцыі - гэта заўсёды складана, але прайшоў хутка, бо было шмат падзей. А цяжка, бо гэта эміграцыя, і ты разумееш, што дадому яшчэ не хутка вернешся. Даводзіцца неяк усведамляць, што трэба заставацца тут і нешта рабіць.

- Што б вы жадаеце ў новым годзе ў першую чаргу для сабе, што зычыце блізкім, усёй эміграцыі, Польшчы і Беларусі?

- Тым, хто ў эміграцыі, я зычу трымацца разам, падтрымліваць адзін аднаго, рабіць усё, што ад іх залежыць, каб і тут уладкоўвацца, але не забываць пра Радзіму.

У Беларусі людзям зычу, каб былі асцярожнымі, захавалі сябе і дачакаліся нас. А палякам зычу ўсяго самага найлепшага, каб далей развіваліся, глядзелі на суседзяў і ведалі, як не трэба рабіць. Каб усё ў іх было добра.

А сабе жадаю навучыцца адпачываць у тыя маленькія хвіліначкі, калі яны ёсць. Людзі маюць патрэбу ў адпачынку.

- Мяне клічуць Ілля Сініца, я дырыжор «Познаньскага пеўчага збору».

- Якім быў для вас гэты год?

- Ну, як у нас любяць казаць па тэлевізары, год быў няпросты. Шмат новых людзей прыйшло ў хор, шмат новых выпрабаванняў сустрэлі. Упершыню паўдзельнічалі ў конкурсе з прафесійнымі калектывамі, упершыню зрабілі збор сродкаў на запіс нашых песень. Мы шмат зрабілі ўпершыню ў гэтым годзе. І трэба сказаць, што не заўжды верылася ў тое, што атрымаецца, але атрымалася. Калі шмат чаго робіш, гэта заўжды складана. Стары склад хору ўжо вельмі добра праспяваўся, а новыя людзі яшчэ не да канца ўліліся ў калектыў. Складанасць у тым, каб прафесійна расці, а гэта няпроста. Тым не менш, нельга стаяць у балоце стагнацыі, таму расцём, адточваем уласныя навыкі і патрабаванні, каб рабіць лепш. Калі ў першыя гады мы яшчэ рабілі нейкія зніжкі на тое, што, маўляў, калектыў аматарскі, то цяпер такога сабе дазволіць не можам.

- А чаго б вы жадалі ў новым годзе для сабе, што зычыце хору, усёй беларускай эміграцыі, Польшчы і Беларусі?

- Зычу ціхіх поспехаў ва ўсім, ва ўсялякай справе. Мне падаецца, гэта адзіны шлях, які можа прывесці да нейкіх змен. Старанная праца над чымсьці адным, нават прыхаваная пакуль ад чужых вачэй, дзеля выніку. Тады здараюцца цуды. Праўда, спадзявацца трэба толькі на сябе.

Беларусам у Польшчы я зычу больш аб'ядноўвацца. Мы тут, вядома, пераважна ў сваёй бурбалцы сядзім, але тым не менш шмат хто не ведае, што ў нас ёсць беларуская школа, хор, танцы, месцы, дзе размаўляюць па-беларуску. А многія глядзяць расейскі YouTube, вучаць польскую мову і не ведаюць, што ім рабіць. Варта наведваць беларускія мясціны - там ідзе жыццё. Шукайце беларусаў, нам трэба быць разам.

Алена - настаўніца беларускай мовы ў беларускай суботняй школе. Трохі здзіўленая нечаканым пытаннем, усміхаецца і адказвае:

- Так адразу? Мне трэба падумаць. Але гэта быў год, калі я зразумела, што ў Беларусь ужо не вярнуся, што буду тут.

- А якім быў гэты год для вас?

- Нічога не страціла і асаблівых дасягненняў таксама не маю, проста жыла нармальным жыццём.

- А што б вы зычылі блізкім, беларускай эміграцыі, Польшчы і Беларусі ў новым годзе?

- Зычу, каб кожны навучыўся любіць сябе найперш. Бо, як высветлілася, гэта вельмі важна. Калі любіш сябе, значыць, будзеш любіць і ўсіх астатніх.

Эмігрантам я зычыла б у ідэале, каб эміграцыя нарэшце скончылася, каб усе маглі вярнуцца дадому, калі зычыць. А калі так не атрымаецца, дык проста знайсці сябе тут.

Палякі - малайцы. Мне вельмі прыемна бачыць змены ў грамадстве, якія тут адбываюцца, як усё ствараецца для чалавека. Жадаю, каб гэтая краіна далей развівалася і рабіла ўсё для людзей.

А Беларусі зычу свабоды і толькі свабоды. Калі будзе свабода, усё астатняе з'явіцца.

Насту разам са сваімі сяброўкамі ведаюць многія: яны арганізавалі ў Познані беларускія народныя танцы. На заняткі прыходзяць не толькі беларусы, але і ўкраінцы, палякі, а ўлетку іх з захапленнем назіраюць турысты. Пытанні для Насці тыя ж.

- Год быў добры, хоць няпросты. Нягледзячы ні на што, адбылося шмат добрых падзей. Адная з галоўных - мы запусцілі наш праект з беларускімі народнымі танцамі.

Сабе я б жадала знайсці пастаянную працу, каб мець стабільны даход. Гэта для мяне зараз самае галоўнае, як і для многіх эмігрантаў. Калі гэта з'явіцца, то астатняе прыбавіцца. Уся іншая дзейнасць будзе ў радасць без трывогі пра тое, як жыць заўтра. Ну і вельмі важна не страчваць адно аднаго, трымацца разам. У падтрымцы і салідарнасці - наша сіла.

Не ведаю, ці магу ўвогуле нешта зычыць палякам. Дзякую ім за тое, што яны нас тут прымаюць і трываюць, хаця мы не такія ўжо і дрэнныя суседзі. Зычу ім далейшага цярпення.

А Беларусі зычу таксама цярпення. Няхай жывуць, як могуць. Усяму свой час. Заўсёды хочацца большага, але я не там, каб нешта раіць людзям, якія зараз там, бо тут сапраўды лягчэй і казаць, і нешта рабіць. Галоўнае - не здраджваць самому сабе.

Марыя, якая працуе ў ІТ-сферы, задумваецца, але ўпэўнена адказвае:

- Рознае было, але магу сказаць, што год быў даволі прадуктыўным у плане жыцця ў Польшчы і выхавання дзяцей. Я палепшыла веды польскай мовы, пераехалі сям'ёй у новую кватэру з найлепшымі ўмовамі і меншай аплатай. Дзеці ўладкаваныя ў школу і ў садок. Ёсць праца і прыбытак, а значыць, можна жыць.

Зычу ўсім верыць у сябе і ў дабро, даваць сабе другі шанец заўсёды. Інтэгравацца ў польскую культуру, але не забываць аб нашых каранях, нашым паходжанні. Усім - дабра і шчасця.

Хацела б яшчэ пажадаць, каб Беларусь стала еўрапейскай, дэмакратычнай, свабоднай краінай. Будзем спадзявацца і верыць, хаця ўсё гэта даволі складана.

Юля, актыўная дзеячка ў беларускай дыяспары, арганізатар Беларускага размоўнага клуба, дзе абмяркоўваюць сучасную беларускую літаратуру.

- Я пра гэта неяк не думала, але год, як заўсёды, быў цяжкі. Хочацца дадому ўсё больш і больш. Вось кажуць: пажывеш і звыкнеш, а я ніяк не магу. Таму займаюся тут беларускімі справамі.

- А што б вы хацелі пажадаць у новым годзе сабе, і зычыць родным, беларускай эміграцыі, Польшчы і Беларусі?

- Я хацела б аддзячыць ім за тое, што яны нас так прымаюць. Няхай у іх усё будзе добра, і сюды не дакоціцца гэтая вайна. А беларусам зычу вярнуцца дадому, сустрэцца з роднымі, блізкімі, абняцца і быць побач.

Вольга, перакладчыца, задумваецца, але адказвае:

- Гэты год быў для мяне адаптацыйным. Я тут другі год, а першы праляцеў так хутка, што нават не зразумела, што адбывалася - было пачуццё шоку. А гэты год стаў больш рэальны. Гэта сапраўднае жыццё, калі ты разумееш, што, дзе і як адбываецца, і адчуваеш сябе часткай гэтага месца. Працэс адаптацыі працягваецца, але ён ідзе ў добрым кірунку.

Сабе зычу лепш уладкавацца і супакоіцца. Заўсёды зычу для ўсіх і на кожны год - душэўны спакой.

Мікіта, музыка, які працуе ў кавярні, усміхаецца:

- У гэтым годзе мы ажаніліся з Настай і разам гаспадарым у кавярні. Мы вельмі шчаслівыя, хаця было шмат пытанняў, якія трэба было развязаць. Таму часам было эмацыйна цяжка. Але мы вельмі стараліся.

- А што б вы хацелі пажадаць у новым годзе сабе, зычыць родным, беларускай эміграцыі, Польшчы і Беларусі?

- Як заўсёды, трымаць святло ў сабе. І каб у Беларусі была сапраўдная Беларусь.

Далучаюся да ўсіх гэтых зычэнняў і ад сябе хачу дадаць: няхай наступны год стане для нас усіх годам здзяйснення самых грандыёзных планаў, прынясе поспех ва ўсіх справах і пачынаннях.

Здароўя і шчасця вам і вашым блізкім, радасці і аптымізму, дабра і міру!

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках