4 студзеня 2025, Субота, 14:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі сарваўся запуск аднаго з найбуйнейшых навуковых праектаў

19
У Расеі сарваўся запуск аднаго з найбуйнейшых навуковых праектаў

СКІФ не змаглі запусціць з-за санкцый.

Санкцыі за вайну з Украінай перашкодзілі Расеі ўвесці ў эксплуатацыю сінхратрон «Сібірскай кальцавой крыніцы фатонаў» (СКІФ). Яго мусілі запусціць 31 снежня 2024 года. Урад распарадзіўся адкласці гэты тэрмін на год. Аб неабходнасці перанесці запуск аб'екта раней паведаміў губернатар Новасібірскай вобласці Андрэй Траўнікаў. Ён патлумачыў гэта санкцыйным ціскам і тым, што пасля выхаду замежных партнёраў з праекту расейскім навукоўцам давялося распрацоўваць некаторыя сістэмы з нуля і без доступу да замежнага абсталявання, піша The Moscow Times.

"У 2022 годзе сітуацыя змянілася, і мы гэтаму нават рады, таму што гэта быў выклік, магчымасць паспрабаваць свае сілы як інжынерам-даследчыкам Інстытута ядзернай фізікі СА РАН, так і новасібірскім прадпрыемствам, якія з задавальненнем уключыліся ў кааперацыю для рашэння гэтай задачы", - заявіў Траўнікаў. Ён запэўніў, што задача імпартазамяшчэння была выкананая і айчынныя распрацоўшчыкі "вырабілі тое, што ў краіне не выраблялася або ўвогуле ніколі, або як мінімум у апошнія 30 гадоў". Аднак пакуль што на пляцоўцы СКІФа запусцілі толькі лінейны паскаральнік. Заканчэнне мантажу астатніх элементаў, наладка і першыя даследаванні на станцыях адбудуцца ў 2025 годзе, паабяцаў Траўнікаў.

Цэнтр калектыўнага карыстання СКІФ будуюць побач з навукаградам Кальцова пад Новасібірскам. Яго задумалі яшчэ ў 2018 годзе і ўключылі ў нацыянальны праект "Навука і ўніверсітэты", у рамках якога Пуцін абяцаў здзейсніць тэхналагічны прарыў і зрабіць кожную другую кампанію ў краіне інавацыйнай. СКІФ называлі першай у свеце крыніцай сінхратроннага выпраменьвання з энергіяй 3 ГЭВ, а на яго станцыях планавалі займацца расшыфроўкай структуры біяпалімераў, вывучэннем жывых арганізмаў, механізмаў перадачы спадчыннай інфармацыі і стварэннем новых матэрыялаў. Агульная плошча 34 будынкаў і збудаванняў аб'екта складзе 86,8 тыс. м². Улетку 2022 года паведамлялася, што на праект выдзеляць больш за 47 млрд рублёў. Пры гэтым запуск СКІФа адкладаюць ужо другі раз. Першапачаткова яго мусілі ўвесці ў эксплуатацыю ў 2023 годзе.

У чэрвені праект быў гатовы толькі на 40%, у выніку ім зацікавілася пракуратура. У прэс-службе СКІФа прызнавалі, што санкцыі заблакавалі пастаўкі з Захаду. Аператар праекта казаў, што цяпер за мяжой закупляецца толькі 5% абсталявання для эксперыментальных станцый сінхратрона, а сярод імпарцёраў засталіся толькі "прыязныя" краіны - Індыя і Кітай.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках