У Нямеччыне будуць судзіць 100-гадовага экс-ахоўніка канцлагеру
- 3.12.2024, 20:32
- 8,686
Яго абвінавачваюць у дапамозе і падбухторванні да 3322 забойстваў у канцлагеры Заксэнхаўзэн.
Найвышэйшы рэгіянальны суд у Франкфурце-на-Майне заявіў у аўторак, што скасаваў пастанову суду ніжэйшай інстанцыі, паводле якой 100-гадовы падазраваны ў дапамозе і падбухторванні да 3322 забойстваў у канцлагеры Заксэнхаўзэн быў прызнаны непрыдатным для судовага разбіральніцтва.
Пра гэта паведамляеThe Guardian.
Падазраванаму, якога нямецкія СМІ называюць Грэгарам Форманэкам, летась было абвешчанае абвінавачанне ў дапамозе і падбухторванні да забойстваў у 3322 выпадках падчас працы ў канцлагеры Заксэнхаўзэн пад Берлінам у перыяд з ліпеня 1943 года да лютага 1945 года.
Аднак у лютым эксперт вызначыў, што Форманэк не можа паўстаць перад судом праз свой псіхічны і фізічны стан, і суд у Ханаў пастанавіў не адкрываць вытворчасць супраць яго.
У аўторак суд Франкфурта прызнаў, што пастанова эксперта не грунтавалася на «дастатковых фактах».
«Сам эксперт заявіў, што не было магчымасці апытаць падсуднага і што не было магчымасці правесці шырокае псіхіятрычнае тэставанне», – гаворыцца ў паведамленні.
Нямеччына спрабуе змусіць да адказнасці апошніх ацалелых былых нацысцкіх ваенных злачынцаў пасля таго, як у 2011 годзе была вынесеная знакавая пастанова, якая адкрыла шлях да некалькіх судовых працэсаў.
Адзін былы ахоўнік нацысцкага лагеру, Джон Дзем'янюк, быў асуджаны ў 2011 годзе на падставе таго, што ён быў часткай гітлераўскай машыны забойстваў, хоць не было ніякіх доказаў таго, што ён непасрэдна кагосьці забіваў.
З таго часу некалькі былых працаўнікоў канцлагераў былі прызнаныя вінаватымі ў суўдзеле ў забойствах на той самай падставе.
Аднак з цягам часу многія справы былі закрытыя ў апошнія гады пасля таго, як абвінавачаныя памерлі ці фізічна не змаглі паўстаць перад судом.
Больш за 200000 чалавек, у тым ліку габрэяў, ромаў, апанентаў рэжыму і геяў, утрымліваліся ў лагеры Заксенхаўзэн паміж 1936 і 1945 гадамі.
Дзясяткі тысячаў загінулі там ад прымусовай працы, забойстваў, медыцынскіх эксперыментаў, голаду і хваробаў да таго, як лагер быў вызвалены савецкімі войскамі.