26 снежня 2024, Чацвер, 13:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт Паўднёвай Карэі ўвёў у краіне ваеннае становішча

42
Прэзідэнт Паўднёвай Карэі ўвёў у краіне ваеннае становішча

Дзяржаўны пераварот?

Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль абвясціў ваеннае становішча ў краіне, паведамляе Yonhap. Пастанова, са слоў кіраўніка дзяржавы, прынятая, каб «выкараніць прапаўночнакарэйскія сілы і абараніць свабодны канстытуцыйны парадак».

Кіраўнік дзяржавы ўначы правёў экстранную нараду ў сваім офісе, а затым заявіў аб пагрозе паралічу ўлады, звязанай са спробамі правядзення супраць яго працэдуры імпічменту.

«Я абвяшчаю ваеннае становішча, каб абараніць свабодную Рэспубліку Карэя ад пагрозы паўночнакарэйскіх камуністычных сіл, неадкладна выкараніць беспрынцыпныя прапаўночнакарэйскія антыдзяржаўныя сілы, якія замахваюцца на свабоду і шчасце нашага народа і канстытуцыйны парадак», – прыводзіць агенцтва словы паўднёвакарэйскага лідара.

Адзначаецца, што пастанова абвясціць ваеннае становішча была прынятая пасля таго, як апазіцыйная Дэмакратычная партыя падала ў парламенцкі бюджэтны камітэт законапраект аб скарачэнні бюджэту і хадайніцтвы аб імпічменце дзяржаўнаму аўдытару і галоўнаму пракурору краіны.

Лідар кіроўнай партыі Паўднёвай Карэі Хан Дон Хун заявіў, што абвяшчэнне прэзідэнтам ваеннага становішча «няправільнае», і што ён будзе блакаваць яго разам з народам краіны.

Камандзір сухаземных войск Пак Ан Су абвешчаны кіраўніком ваеннага становішча. У краіне забароненая «ўсякая палітычная дзейнасць», улады абвясцілі аб забароне палітычных партый і мітынгаў, паведамляе «Радыё Свабода».

Апазіцыя, паведамляе «Рэнхап», дамагалася адстаўкі галоўнага дзяржаўнага аўдытара і генеральнага пракурора. Парламенцкі бюджэтны камітэт, насуперак ціску ўрада, ухваліў законапраект аб скарачэнні бюджэту.

Лідар Дэмакратычнай партыі Лі Джэмен назваў пастанову прэзідэнта антыканстытуцыйнай і накіраванай супраць інтарэсаў грамадства.

Партыя заклікала заканадаўцаў сабрацца ў будынку парламента. Уваход і выхад з яго ўжо заблакаваныя, паведамляе «Рэнхап».

У аўторак міністэрства абароны склікала нараду ключавых камандзіраў, загадаўшы вайскоўцам знаходзіцца ў стане надзвычайнай гатоўнасці. Паведамляецца аб вайсковай тэхніцы на вуліцах Сеула.

Загад аб ваенным становішчы перадае вайскоўцам кантроль над сродкамі масавай інфармацыі. Ён забараняе забастоўкі або ўсякія сходы, якія «спрыяюць сацыяльным беспарадкам». Лекарам і медыцынскаму персаналу, якія ўдзельнічаюць у нацыянальнай забастоўцы, што працягваецца з лютага, загадана вярнуцца на працоўныя месцы. Парушальнікі могуць быць абшуканыя, затрыманыя або арыштаваныя без ордэра суда і пакараныя аж да смяротнага пакарання.

Пры ваенным становішчы, згодна з паўднёвакарэйскім законам, уводзяцца ў дзеянне надзвычайныя ваенныя суды з паскоранай працэдурай разгляду спраў, абмежаваным правам на абарону і немагчымасцю абскардзіць пастанову.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках