CNN: У Курскай вобласці баявыя дзеянні паміж УСУ і РФ дасягнулі піка
9- 3.12.2024, 14:00
- 11,292
Расейскае камандаванне пасылае на штурм групы, з якіх ніхто не выжывае.
У Курскай вобласці РФ пастаянныя сутыкненні на лініі фронту дасягаюць сваёй пікавай інтэнсіўнасці. Украінскія сілы абароны змагаюцца за кантроль над часткай рэгіёна, адлюстроўваючы бесперапынныя масаваныя напады расейцаў, пішуць карэспандэнты CNN.
Журналісты вядомага амерыканскага тэлеканала са спасылкай на камандзіра 225-га ДШБ УСУ (прозвішча не пазначаецца) кажуць, што складваецца ўражанне, нібыта «ў расейцаў неабмежаваная колькасць людзей».
«Расейскае камандаванне пасылае групы, з якіх практычна ніхто не выжывае. На наступны дзень УС РФ выпускаюць новыя групы, і ўжо гэтыя жаўнеры, здаецца, нават не ведаюць, што адбылося з папярэднімі», - сцвярджаецца ў матэрыяле.
УСУ ў Курскай вобласці сутыкаюцца з дэсантнікамі УС РФ, а таксама "кадыраўцамі" і афрыканскімі наймітамі.
Што да вайскоўцаў з КНДР, то крыніца CNN сцвярджае: з імі яна пакуль не сутыкалася ў баях.
Таксама адзначаецца, што ўкраінскія вайскоўцы, якія дзейнічаюць пад Курскам, упэўненыя ў сваіх магчымасцях утрымліваць занятыя пазіцыі, але ў той жа час прызнаюць і складанасці, з якімі ім даводзіцца рэгулярна сутыкацца.
Той жа ўкраінскі камбат адзначае, што Захад павінен выканаць свае абяцанні, дадзеныя ў 1994 годзе ў рамках Будапешцкага мемарандума.
«Вы забралі нашу ядзерную зброю? Вы абяцалі нам абарону. Выконвайце сваё абяцанне!» - заклікае ён.