У менскіх школах забаранілі Санта Клаўса і Jingle Bells
94- 29.12.2024, 19:50
- 26,432
Класным кіраўнікам прыйшло распараджэнне ад кіраўніцтва Менска.
Класным кіраўнікам сталічных школ прыйшло распараджэнне ад кіраўніцтва Менска не выкарыстоўваць у святочных мерапрыемствах вобраз Санта Клаўса і англамоўныя песні, паведамляе «Еўрарадыё».
Пры гэтым рэкамендуецца рабіць акцэнт на беларускіх традыцыях. Праўда, не ўдакладняецца, на якіх. Ці можна выкарыстоўваць выяву Святога Мікалая ці Зюзі, не паведамляецца.
Стыль і арфаграфія паведамлення захаваныя:
«Паважаныя класныя кіраўнікі,
распараджэнне кіраўніцтва горада:
на ранішніках, музычных мерапрыемствах, карпаратывах ЗАБАРОНЕНЫ САНТА КЛАЎС, калядныя і англамоўныя песні (тыпа Jingle Bells)
ВЫКАРЫСТОЎВАЕМ: нашы вядомыя песні і нашых казачных персанажаў.
Акцэнт на беларускія традыцыі.
Тое самае датычыцца і навагодніх упрыгажэнняў!!!!
Таксама просім звярнуць увагу на арганізацыю выязных навагодніх і калядных мерапрыемстваў і экскурсій. Усе запланаваныя выезды і экскурсіі толькі праз узгадненне са мной альбо дырэктарам».
Прыміце гэта, калі ласка, да ўвагі.
Нагадаем, у Беларусі забаранілі ўключаць заходнія калядныя песні ў гандлёвых цэнтрах і кавярнях. А Брэсцкі гарвыканкам забараніў Санта Клаўса і хваёвыя калядныя вянкі. У 2023 годзе рэжым у Беларусі забараніў адзначаць Дзень святога Валянціна.